Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 траўня 2000 г.


Юры Дракахруст, Прага

Сёлета ў красавіку прэзыдэнцкі рэйтынг Лукашэнкі быў самым нізкім за апошнія два з паловай гады. Сярод беларусаў значна ўзрасла папулярнасьць новага расейскага лідэра Пуціна і, адпаведна, стала больш прыхільнікаў беларуска-расейскага аб'яднаньня. Больш за палову апытаных ўжо зараз выказваюць намер браць ўдзел ў парлямэнцкіх выбарах, заплянаваных на восень. Акцыі беларускае "Гарачае вясны – 2000" выклікалі ў апытаных больш прыхільнае стаўленне, чым леташні "Марш Свабоды- 1". Такія вынікі былі атрыманыя пад час агульнанацыянальнага сацыялягічнага апытаньня, праведзенага ў красавіку 2000 года Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў.

Паводле вынікаў апытаньня, рэйтынг Лукашэнкі зьнізіўся да рэкордна нізкай для яго адзнакі – толькі 38,4 % апытаных заявілі, што гатовыя галасаваць за яго, як за кіраўніка дзяржавы, калі б прэзыдэнцкія выбары адбыліся сеньня. З лістападу 1997 года гэты рэйтынг Лукашэнкі не апускаўся ніжэй за 43% . У параўнанні, напрыклад, з леташнім лістападам, зараз ён зьнізіўся на 5%. Але нават і пры гэтым зьніжэньні папулярнасьці Лукашэнка тым ня менш значна апярэджвае ўсіх сваіх супернікаў: ў красавіку толькі 3% апытаных заявілі, што на прэзыдэнцкіх выбарах аддалі б галасы Чыгіру, 2,5% – Шушкевічу, каля 2% – Пазьняку.

Куды большыя шанцы апазыцыйныя сілы маюць на парлямэнцкіх выбарах. За 9 апазыцыйных партыяў гатовыя аддаць свае галасы ў суме 27 % апытаных. Пры гэтым больш за палову апытаных ўжо зараз выказалі намер браць ўдзел ў восеньскіх парлямэнцкіх выбарах, толькі кожны дзесяты заявіў, што на выбары ня пойдзе, і 15% адказалі, што прымуць рашэнне аб ўдзеле ці няўдзеле ў выбарах ў залежнасьці ад палітычнае сытуацыі. Такім чынам падаецца, што шанцы на посьпех кампаніі байкоту выбараў ня надта вялікія, а вось пры ўдзеле ў іх апазыцыя можа атрымаць істотнае прадстаўніцтва ў заканадаўчым воргане.

Аб тым, што сымпатыі да апазыцыі ўзрастаюць, сьведчаць і дадзеныя пра стаўленьне да масавых акцыяў. Леташні "Марш Свабоды-1" выклікаў нэгатыўнае стаўленьне ў 56% апытаных, толькі 17% паставіліся да яго станоўча. А вось акцыі "Гарачае вясны-2000", ў прыватнасьці, "Марш Свабоды-2" і "Дзень волі", выклікалі пазытыўнае стаўленьне амаль ў кожнага пятага апытанага, а нэгатыўнае – ў прыкладна 30% апытаных. Памяншэньне колькасьці тых, каму акцыі апазыцыі не даспадобы, навідавоку.

Рост прыхільнасьці да апазыцыі, магчыма, стаў адным з чыньнікаў адноснага падзеньня рэйтынгу Лукашэнкі. Але можна меркаваць пра іншую, больш сур'езную прычыну гэтага падзеньня: значная частка беларусаў знайшла сабе новага куміра. У адказах на пытаньне, каго з ўсясьветных палітыкаў вышэйшага рангу апытаныя лічаць сваім ідэалам, Лукашэнка ўпершыню за два з паловай гады апынуўся на другім месцы, атрымаўшы 37%. Трэцяе месца, 24%, – заняў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан, і 55% апытаных адзначылі, што бачаць свой ідэал ва Ўладзімеры Пуціне.

У адказах на пытаньне пра галасваньне на гіпатэтычных выбарах прэзыдэнта беларуска-расейскага саюзу Лукашэнка таксама саступіў Пуціну: за кіраўніка Расеі гатовыя прагаласаваць 31%, за Лукашэнку – толькі 22%.

Хутчэй за ўсё менавіта прыхільнасьцю да Пуціна тлумачыцца і прыліў інтэграцыйных настрояў: пад час красавіцкага апытаньня 56% рэспандэнтаў выказаліся за аб'яднаньне Беларусі і Расеі ў адзіную дзяржаву, і толькі 28% - супраць. У леташнім лістападзе долі прыхільнікаў і праціўнікаў аб'яднаньня складалі адпаведна 47% і 34%.
Рост рэйтынгу Пуціна і ўзрастаньне інтэграцыйных настрояў ня толькі павялічваюць пагрозу беларускай незалежнасьці, але і ствараюць пэўныя праблемы для Аляксандра Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG