Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 красавіка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(эфір 26 красавіка)
Пяць гадоў зьняволеньня запатрабаваў пракурор Віктар Жынгель для былога прэм'ер-міністра Міхала Чыгіра. Пракурор лічыць, што з прад'яўленых Чыгіру абвінавачваньняў ён заслугоўвае апраўданьня ў трох эпізодах, затое ў іншых чатырох павінен быць прызнаны вінаватым.

Судовая зала адрэагавала глухім воклічам зьдзіўленьня, калі пракурор Віктар Жынгель напрыканцы сваёй двухгадзіннае прамовы абвесьціў, што лічыць магчымым перавыхаваньне Міхала Чыгіра толькі ва ўмовах ізаляцыі. Да гэтага пракурор заклікаў суд прызнаць экс-прэм'ера вінаватым у чатырох зь сямі прад'яўленых эпізодаў, а ў астатніх апраўдаць, паколькі віна не была даказаная.

На думку пракурора, судовае сьледзтва праведзена ўсебакова, былі вывучаныя ўсе абставіны на карысьць абвінавачваньня, а таксама апраўдальныя моманты, і ў выніку будзе справядлівым, калі суд прызнае Чыгіра вінаватым у перавышэньні службовых паўнамоцтваў і халатнасьці, што нанесла вялікую шкоду дзяржаве. Гэта артыкулы 168 і 167 (часткі 1 і 2) Крымінальнага кодэксу.

Пракурор назваў наступныя сумы стратаў, быццам бы нанесеных Чыгіром. Гэта 40 тысячаў даляраў у эпізодзе, зьвязаным з чэскай фірмаю "Мастарэз"; мільён даляраў, быццам бы страчаны па віне Чыгіра пры будаўніцтве новага офісу "Белаграпрамбанку"; яшчэ 744 мільёны беларускіх рублёў, страчаных у выніку выдачы крэдыту фірме "БелОСТ" і шкода ажно ў 7 мільярдаў 800 мільёнаў у выніку незаконнага, як лічыць пракурор Жынгель, прадастаўленьня фірме "Піаск" адтэрміноўкі выплаты мытаў.

Паколькі апошні эпізод, як лічыць пракурор, падпадае пад кваліфікацыю цяжкога злачынства, Чыгіра варта пакараць пяцьцю гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму, і гэты тэрмін паглынае іншыя, меншыя пакараньні.

Пры гэтым пракурор яшчэ й заклікаў суд улічыць асобу былога прэм'ера, тое, што ён раней да суду не прыцягваўся.

Рэакцыя Міхала Чыгіра на патрабаваньне пракурора нам пакуль невядомая, бо на момант падрыхтоўкі рэпартажу судовае паседжаньне працягвалася. Але вядома, што Міхал Чыгір ужо заявіў, што ў яго усё менш надзеяў на аб'ектыўны прысуд. Гэтую заяву ён рабіў сёньня ў першай палове дня, калі падтрымаў хадайніцтва абароны аб недаверы суду.

Вось як пракамэнтаваў гэтае хадайніцтва Міхал Чыгір…

(Чыгір: ) "Усе тыя хадайніцтвы, якія заяўляем мы апошнім часам, не падтрымліваюцца, а ўсе тыя дакумэнты, якія паступаюць з боку пракуратуры, яны прымаюцца судзьдзёй. Я лічу, што на апошняй стадыі стала больш бачнаю пазыцыя суду – яна стала больш жорсткаю. У мяне складаецца ўражаньне, што ўсё ўжо вырашанае наверсе".

Суд пад кіраўніцтвам Аляксандра Васілевіча, як і чакалася абаронаю, хадайніцтва аб недаверы адхіліў. Заўтра ў спрэчках возьмуць удзел усе чацьвёра абаронцаў экс-прэм'ера, і суд пачне рыхтавацца да вынясеньня прысуду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG