Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 красавіка 2000 г.


Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць

Адстаўны беларускі вайсковец Аляксандар Літвінчук, які шмат часу правёў у чачэнскім палоне – выступае супраць ініцыятывы беларускай дапамогі ў аднаўленьні Чачні.

Родам Аляксандар Літвінчук зь Берасьцейшчыны. Да 1992 году служыў у Мазыры прапаршчыкам спэцсувязі аднаго з палкоў 33-й ракетнай дывізіі, выведзенай у Расею. Атрымаўшы невялікую вайсковую пэнсію, спадар Літвінчук падаўся ў Заходнюю Сібір на заробкі.

Увосень 1998 году на запрашэньне свайго цюменскага прыяцеля, інгуша Ісы Гітагажава, Літвінчук паехаў пабачыць Каўказ. Гасьцявалі ў Малгабеку, што каля Чачні. У сярэдзіне лістапада, калі Літвінчук зьбіраўся дадому, разам зь Ісам Літвінчук зрабіў куплянкі і чакаў прыяцеля ў машыне. На "Джыпе" пад'ехалі невядомыя. Усе ў камуфляжнай форме. Прыставілі пісталеты да галавы, прымусілі сесьці ў "Джып" і павезьлі ў Грозны. Распавядае па тэлефоне сам нявольнік:

(Літвінчук: ) "Зьмясьцілі ў сутарэньні, трымалі больш за месяц. Харч там – вада, хлеб у асноўным. Гарбата. А то й хлеб не заўсёды быў. Кармілі мізэрна. Патрабавалі выкуп 200 тысячаў даляраў".

Гаспадаром беларускага грамадзяніна быў нехта палкоўнік Паша Ўмараў, які, нібыта, служыў у штабе Радуева. Ён асабіста не чапаў палоннага беларуса. А памагатыя напачатку далі добра пад рэбры. Асабліва, калі даведаліся, што выкупу ня будзе. Пасьля вазілі па сваяках. У Шатой, Урус-Мартан. Выкарыстоўвалі Аляксандра ў якасьці раба.

Ён цягаў цэглу, капаў агароды, прыбіраў за жывёлай, капаў акопы. Аляксандар паведаміў, што ваяваць яго не прымушалі, а вось мусульманства прыняць прапаноўвалі. Як Аляксандар Літвінчук ставіцца да дапамогі Чачні, у тым ліку спэцыялістамі, пра што гаварыла вышэйшае беларускае кіраўніцтва:

(Літвінчук: ) "Я думаю, ня варта. Няма там чаго рабіць. Зрэшты, рабы патрэбныя. У іх усе, сапраўды, як рабы. Без работы ніхто сядзець ня будзе. Карміць добра ня будуць, але і зьдзеквацца. У прынцыпе, не такія ўжо яны й зьвяры. А калі што не па-іхнаму, у лоб даюць".

Зараз Аляксандар Літвінчук гасьцюе ў сваякоў у Драгічынскім раёне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG