Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 красавіка 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

(эфір 22 красавіка)
Учора ўвечары быў адпраўлены ў адстаўку міністар нутраных справаў Беларусі Юры Сівакоў. Выконваючым абавязкі міністра прызначаны першы намесьнік Сівакова Міхал Удовікаў.

Афіцыйнае паведамленьне адміністрацыі кіраўніка Беларусі пра адстаўку Юрыя Сівакова прагучала ўчора ўвечары а дзявятай гадзіне ў інфармацыйнай праграме Беларускае тэлевізіі "Панарама".

Усе акалічнасьці паказваюць, што гэтае рашэньне было аформлена літаральна ў вапошні момант. Прынамсі, яшчэ ўраніцу Сівакоў выступаў на справаздачна-выбарнай канфэрэнцыі спартовага таварыства "Дынама" і быў пераабраны ягоным старшынём.

Займальна выглядае і афіцыйная фармулёўка адстаўкі міністра – "у сувязі са станам здароўя". Рэч у тым, што ўвесь імідж і вонкавы вобраз Сівакова якраз падкрэсьліваў зухаватасьць і фізычнае здароўе міністра.

Відавочна, прычыны адстаўкі ў іншым. "Усе значнае, што адбываецца сёньня ў Беларусі, трэба разглядаць з пункту гледжаньня маючых адбыцца выбараў", – лічыць палітычным аглядальнік Аляксандар Фядута.

(Фядута: ) "Кіраўнік дзяржавы зараз рыхтуецца да прэзыдэнцкіх выбараў, і ён ня можа дазволіць сабе быць няўпэўненым у тым, што такую важную пасаду, як пасада кіраўніка МУС, займае чалавек, у якім ён не зусім упэўнены".

(Карэспандэнт: ) "А чым, скажыце, Сівакоў даваў падставы для такой няўпэўненасьці, што ў ягоных дзеяньнях магло наштурхнуць Лукашэнку на такую няўпэўненасьць?"

(Фядута: ) "Вы ведаеце, на мой погляд адносіны паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Юрыем Сіваковым былі наогул звычайнымі, такімі, якімі і павінны быць адносіны паміж кіраўніком дзяржавы і прызначаным ім міністрам. Але вось адносіны паміж кіраўніком апарата Савета Бясьпекі спадаром Шэйманам і міністрам унутраных справаў – яны давалі падставу для нейкай занепакоенасьці, таму што, на мой погляд, ня кожны загад кіраўнік дзяржавы хацеў бы аддаць менавіта асабіста, у сваю чаргу, ня кожны загад міністар павінен выконваць, нават, калі гэты загад аддае яму кіраўнік дзяржавы. Пасьля таго, як стала зразумела, што Сівакоў згодны падпарадкоўвацца тым загадам, якія аддае Лукашэнка, але нязгодны падпарадкоўвацца тым загадам, якія аддае яму Шэйман, стала зразумела, што гадзіны Сівакова на гэтай пасадзе пералічаныя".

– гэта меркаваньне Аляксандра Фядуты.

Юры Сівакоў стаў трэцім за гады кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі міністрам нутраных справаў. Першым быў Юры Захаранка, які пайшоў у адстаўку ў 1996 годзе пасьля канфлікту з усемагутным тады Іванам Ціцянковым. Захаранка апынуўся ў апазыцыі, а потым таямніча зьнік. Ягоным пераемнікам на пасадзе міністра стаў Валянцін Агалец – кадравы вайсковец, чалавек, даволі чужы для нутраных ворганаў. Агальца зьнялі бязь лішняга шуму, узнагародзіўшы званьнем генэрал-лейтэнанта. 9 лютага 1999 года міністрам нутраных справаў быў прызначаны кіраўнік нутраных войскаў Юры Сівакоў.

За гэты год ён актыўна ўдзельнічаў у міжклянавай барацьбе ўнутры атачэньня Лукашэнкі. Менавіта Сівакову прыпісваюць асноўную ролю ў вядомай справе Лагвінца й зьвязанай з гэтым адстаўкаю Івана Ціцянкова.

Але, выглядае, што й сам міністар стаў ахвяраю апаратнае барацьбы. Паводле вэрсіі «БДГ», скандальныя падзеі Дня Волі 25 сакавіка, калі байцы спэцзлучэньняў хапалі расейскіх тэлежурналістаў, былі справакаваныя Шэйманам супраць Сівакова. А загады затрымліваць журналістаў даваў першы намесьнік міністра Міхал Удовікаў. Што думае Аляксандар Фядута пра такую вэрсію?

(Фядута: ) "Кожны чалавек, які толькі што прызначаны, ён гатовы выканаць любы загад. На мой погляд, 26 красавіка можа быць вельмі жорсткае сутыкненьне паміж апазыцыяй і менавіта сіламі МУС",

– лічыць Аляксандар Фядута.

Выконваючы абавязкі міністра Міхал Удовікаў у красавіку адзначыў сваё пяцідзесяцігодзьдзе. Папярэднімі прыступкамі ягонае службовае кар'еры былі пасады намесьніка Берасьцейскай, а потым – начальніка Гомельскай – абласных управаў Міністэрства нутраных справаў.

Нельга, аднак, упэўнена сьцьвярджаць, што партфэль міністра стане падарункам да юбілею Ўдовікава. Паводле некаторай інфармацыі, ня менш шанцаў на прызначэньне мае іншы намесьнік міністра – Мікалай Лапацік. Ягонымі безумоўнымі перавагамі зьяўляецца магілеўскае паходжаньне й шчыльныя сувязі з Уладзімерам Канаплёвым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG