Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 красавіка 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Савет Міністраў Беларусі зьбіраецца разгледзець праект закону пра амністыю, якую мяркуецца аб'явіць у травені 2000 году. Праект падрыхтаваў Камітэт у выкананьні пакараньняў Міністэрства нутраных справаў.

Усяго плянуецца выпусьціць на волю 12 тысячаў вязьняў, у тым ліку чатыры тысячы – гэта асуджаныя, якім засталося адбываць пакараньне тэрмінам меней за год. Калі ўлічыць, што ў мейсцах пазбаўленьня волі цяпер утрымліваецца каля 47 тысячаў чалавек, то на волю выйдзе кожны чацьверты.

Тыя асуджаныя, якія застануцца за кратамі, таксама зацікаўленыя ў амністыі, бо пасьля яе правядзеньня кожнаму зь іх скарачаецца тэрмін пазбаўленьня волі на адзін год.

Камітэт у выкананьні пакараньняў, які распрацаваў праект закону аб амністыі, абгрунтоўвае яе неабходнасьць, у прыватнасьці, перанаселенасьцю у мейсцах пазбаўленьня волі. Апроч таго, на волю мяркуецца выпусьціць інвалідаў ІІ-й і ІІІ-й групаў, хворых на сухоты ў адкрытай форме, ВІЧ-інфікаваных, шмат падлеткаў, цяжарных жанчынаў, адзінокіх маці й бацькоў, якія маюць непаўнагадовых дзяцей.

Пэнітэнцыярная сыстэма Беларусі сёньня знаходзіцца ў цяжкім стане. Галоўная прычына – недахоп матэрыяльных сродкаў. Гаворыць намесьнік кіраўніка Камітэта ў выкананьні пакараньняў Вячаслаў Шабанаў:

"Некаторая перапоўненасьць мейсцаў пазбаўленьня волі патрабуе значных сродкаў на ўтрыманьне асуджаных. Гэта праблема, бо мы не маем магчымасьці заўсёды адэкватна задавальняць тыя ці іншыя патрэбы вязьняў.

Калі такая перанаселенасьць, то перад адміністрацыяй калёніі паўстае праблема вырашэньня пытаньняў, зьвязаных з культурна-побытавым забесьпячэньнем. Гэта й дастаўка перадачаў ад сваякоў, і атрыманьне спатканьняў. Мы не заўсёды можам вырашыць гэтыя праблемы ў адпаведнасьці з заканадаўствам.

Таксама мы маем праблему, зьвязаную з распаўсюджваньнем інфэкцыйных захворваньняў. Паказьнік хворых на сухоты ў нашых калёніях у 20 разоў перавышае ўзровень сярод насельніцтва ў Рэспубліцы. Акрамя таго, у нас утрымліваецца кожны пяты ад усіх ВІЧ-інфікаваных у краіне.

А нашыя супрацоўнікі аніякім чынам не абароненыя ад інфэкцыі, бо дагэтуль так і ня вызначаны наш праўны стан. Яны ані міліцыянты, ані вайскоўцы, а папросту супрацоўнікі Міністэрства нутраных справаў.

Тое, што значна памаладзеў век асуджаных, у некалькі разоў ускладняе працу, бо маладыя, яны вельмі імпульсыўныя, вельмі хутка крыміналізуюцца. Нам трэба імкнуцца пазбавіцца ад стэрэатыпу, што пэнітэнцыярная сыстэма павінна караць – не, яна мусіць выхоўваць. Таму мы цяпер навучаем 25 чалавек па спэцыяльнасьці "юрыдычная псыхалёгія", для ўвядзеньня ў калёніі", – паведаміў палкоўнік Вячаслаў Шабанаў.

Абвясьціць указ пра амністыю плянуецца 9 травеня, з нагоды угодкаў Перамогі. Многія вязьні, якія выйдуць на волю, будуць мець патрэбу прайсьці рэабілітацыю ў адмысловых установах, якіх, на жаль, у Беларусі вельмі недастаткова.

На думку міжнародных экспэртаў у пэнітэнцыярных пытаньнях, адсутнасьць рэабілітацыйнае працы з былымі вязьнямі – падставовая прычына рэцыдываў правапарушэньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG