Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 красавіка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Загадам Аляксандра Лукашэнкі вызвалены ад пасады з фармулёўкаю "за зьяўленьне на працы ў нецьвярозым стане" старшыня Мядзельскага раённага выканаўчага камітэту Іосіф Варановіч. Між тым, у інтэрвію нашаму карэспандэнту Іосіф Варановіч назваў асноўнай прычынаю свайго звальненьня асабістую заяву, зьвязаную зь немагчымасьцю далей кіраваць раёнам выключна адміністрацыйнымі мэтадамі.

У паведамленьні прэсавае службы Аляксандра Лукашэнкі сьцьвярждаецца, што ўчора старшыня Мядзельскага раённага выканаўчага камітэту Іосіф Варановіч быў зьняты з пасады за тое, што зьявіўся на працу нападпітку. Пры гэтым паведамляецца, што, падпісваючы загад на вызваленьне Варановіча, Лукашэнка асобна нагадаў усім сваім падначаленым пра патрабаваньні Працоўнага кодэксу й Дэкрэту пра ўмацаваньне працоўнае дысцыпліны.

Сёньня, разьбіраючыся ў гэтай гісторыі, удалося знайсьці прынамсі две недарэчнасьці.

Першае: загад аб зьняцьці Іосіфа Варановіча яшчэ ў мінулую пятніцу быў падпісаны старшынём Менскага абласнога выканаўчага камітэту Мікалаем Дамашкевічам. "Наш прэзыдэнт і тут дзейнічае ў сваім стылі – клапоціцца перш за ўсё пра свой імідж барацьбіта за дысцыпліну", – гэтак пракамэнтаваў несупадзеньне афіцыйнага паведамленьня з рэчаіснасьцю адзін чыноўнік Менскага абласнога выканкаму.

Але куды больш істотным уяўляецца іншая недарэчнасьць – якая тычыцца сапраўдных прычынаў зыходу Іосіфа Варановіча. Сёньня мне ўдалося зьвязацца зь ім па тэлефоне . Былы старшыня не адмаўляўся, што аказаўся нападпітку ў той момант, калі на мінулым тыдні да яго прыехаў кіраўнік справаў Лукашэнкі Ўладзімер Ганчарэнка. І ўсё ж ня гэта асноўнае. Вось што сказаў пра прычыны звальненьня Іосіф Варановіч…

(Варановіч: ) "Іншыя пытаньні, іншыя прычыны".

(Карэспандэнт: ) "Іншыя прычыны? А якія? Вы маглі б акрэсьліць іх?"

(Варановіч: ) "Я напісаў заяву вызваліць мяне на ўласнае жаданьне паводле стану здароўя. Але гэтага мала, давайце нальем бруду. Ну і вылілі".

(Карэспандэнт: ) "Вы заяву напісалі раней?"

(Варановіч: ) "Так".

(Карэспандэнт: ) "Чаму Вы вырашылі сысьці?"

(Варановіч: ) "Таму што складана, вельмі складана… Сытуацыя ў сельскай гаспадарцы, сытуацыя ў прамысловасьці…без праграмы дапамогі сельскай гаспадарцы, гэта немагчыма – выцягваць з кіраўнікоў усё, што яны ня могуць… Я кадрамі не любіў і не люблю раскідвацца, але я бачыў сытуацыю, а яна складанейшая".

Іосіф Варановіч адпрацаваў старшынём раённага выканаўчага камітэту тры гады. Паводле ягоных словаў, калі ён заступіў на гэтую пасаду, раён паводле эканамічных паказьнікаў быў ледзь ня горшым у Менскай вобласьці, але за тры гады ўдалося падцягнуцца да сярэдзіны. "Нават мінулую зімоўку, самую цяжкую за гісторыю раёну, вытрымалі. Удалося захаваць статак", – пахваліўся Варановіч, аднак з большага ён вельмі пэсымістычна глядзіць на стан справаў у сельскай гаспадарцы.

(Варановіч: ) "Дынаміка пагаршалася, тэхнікі абнаўленьня практычна не было. Апошні год я практычна нічога не атрымаў, ніводзін трактар".

(Карэспандэнт: ) "У Вас такое бойкае месца. Усе начальнікі едуць на Нарач адпачываць. У Вас павінна было быць шмат сувязяў. І што, пры гэтых сувязях, Вам не дапамагалі нічым?"

(Варановіч: ) "Сюды прыяжджаюць адпачываць, але зьяжджаюць і забываюць. Я таксама спадзяваўся, што недзе нешта, але проста пусты нумар".

Далей нашая размова перайшла ў рэчышча магчымага рэфармаваньня парадкаў у вёсцы. Высьветлілася, што Іосіф Варановіч прыхільнік павольнага рэфармаваньня калгасна-саўгаснае сыстэмы ў прыватныя і акцыянаваныя гаспадаркі, але са шкадаваньнем адзначае, што час для гэтага амаль страчаны. І вось чаму.

(Варановіч: ) "Ужо не застаецца людзей у сельскай гаспадарцы на вёсцы, якія маглі б узяць зямлю. Я тут троху займаўся рэфармаваньнем. Зрабілі малое прадпрыемства, адну гаспадарку падзялілі на пяць малых – фермы, майстэрні. Там дзе далучылі, аказалася, што заработнай платы не хапае даярцы, якая сёньня атрымлівае ад 80 да 100 мільёнаў".

(Карэспандэнт: ) "Нават такія ёсьць?"

(Варановіч: ) "Так. Усяго хапала, але ўсё роўна, як яна цягнула зь фермы, так яна і цягне. Напэўна, чалавека мы не прывучылі да пачуцьця ўласнасьці. Яму ўсё роўна – або ён 10 мільёнаў атрымлівае, або тры месяцы іх не атрымлівае".

(Карэспандэнт: ) "Што, усё роўна крадуць людзі?"

(Варановіч: ) "Так. Так і застаецца, колькі б яму ня даў. Напэўна за адзін год у чалавека не выхаваеш пачуцьця ўласнасьці".

(Карэспандэнт: ) "Ну гэты працэс хаця б пачаўся, ён ідзе?"

(Варановіч: ) "Ня надта. Адкуль ён можа пачацца? Пачаўся зь фермераў, але колькі ў нас было фермераў, яны ўсе пасыходзілі. Бо сёньня ферму ня так проста цягнуць".

(Карэспандэнт: ) "У Вас зараз ніводнага фермера няма?"

(Варановіч: ) "Практычна, здаецца на паперы 12 лічацца… А каб працуючага – мы давалі і па 10, і па 15, і па 30 гектараў зямлі – дык такога не адбылося, каб ён моцна стаяў на сваіх нагах. Усюды абмежаваньні. Калгас? Дык даўгі гэтыя то пралангіруюць, то сьпішуць, за электраэнэргію ня плоціць – яго ж ніхто не адключае, за паліва даўгі ёсьць – ну ёсьць дык ёсьць, сеяць жа трэба, базы аддаюць… А фермеру ніхто не дае".

Паказальнае згадваньне былым старшынём мэханізатара, які п'е і будзе піць, колькі яму не плаці. Між тым, выпадак з самім Варановічам даказвае, што ў адзін шэраг з мэханізатарам варта паставіць і брыгадзіра, і дырэктара, і старшыню выканаўчага камітэта…

Відаць, што п'янства на працоўным месцы – не прыкмета прафэсіі, а прыкмета грамадзтва, а дакладней – ягоны дыягназ. Дыягназ грамадзтва, пазбаўленага волі й патрэбы жыць самастойна ды цывілізавана.

Ці не адсюль і такая наканаванасьць у голасе майго суразмоўцы ? Што будзе далей з Іосіфам Варановічам?

(Варановіч: ) "Я нават ня ведаю. Брыгадзірам, камандзірам, як заўгодна…"

(Карэспандэнт: ) "Куды пашлюць?"

(Варановіч: ) "Працаваць жа трэба".

Паводле зьвестак, разам з Варановічам вызвалены з пасады кіраўніка Мядзельскае міліцыі Іван Сымановіч. Але сёньня ён яшчэ быў на сваім працоўным месцы й казаў мне, што загаду аб вызваленьні пакуль ня бачыў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG