Міжнародны друк шмат увагі надае вашынгтонскай сустрэчы прадстаўнікоў краінаў-сябраў Міжнароднага Валютнага Фонду і Ўсясьветнага Банку. З аглядам некаторых публікацыяў у заходняй прэсе Кастусь Бандарук. У гадавой сустрэчы гэтых найбуйнейшых фінансавых установаў удзельнічалі прадстаўнікі ста васьмідзесяці дзьвюх краінаў сьвету, якія ў асноўным абмяркоўвалі пытаньне незадавальняльнага стану ўсясьветнай эканомікі. Адначасова супраць зьнішчэньня навакольнага асяродзьдзя, парушэньняў правоў працоўных, а таксама супраць нэгатыўных для бедных краінаў вынікаў глябалізацыі на вуліцах Вашынгтону пратэставалі тысячы дэмастрантаў. У рэдакцыйным артыкуле газэта "New York Times" адзначае, што дэманстрантам не ўдалося перашкодзіць у вашынгтонскай сустрэчы. Паліцыя загадзя арыштавала найбольш актыўных дзеячоў і не дапусьціла да вулічных хваляваньняў. Аднак, паводле гэазэты, гэта ня значыць, што ўсё ў парадку. Злучаныя Штаты ды іншыя краіны сьвету павінны дамагацца глыбокіх рэформаў у Міжнародным Валютнам Фондзе, Усясьветным Банку і Ўсясьветнай Арганізацыі Гандлю. З другога боку, без падтрымкі грамадзтваў у краінах-донарах і краінах, якія прыймаюць дапамогу, немагчыма правесьці неабходныя зьмены. "Людзі павінны разумець, што глябалізацыя эканомікі не пашкодзіць, але дапаможа і працоўным, і навакольнаму асяродзьдзю," – адзначае "New York Times". Паводле газэты "International Herald Tribune" прычына неэфэктыўнасьці гэтых дзьвюх фінансавых установаў у тым, што яны падмяняюць ня толькі адна адну, але і ААНаўскія ведамствы ды банкі рэгіянальнага разьвіцьця. У выніку – заміж сынэргіі маем марнатраўства, і заміж каардынацыі – спаборніцтва. У кожным разе падкрэсьлівае "International Herald Tribune", усё гэта непрыймальнае і гэтыя ўстановы мусяць адгукнуцца на патрэбы бедных краінаў. Яшчы адна амэрыканская газэта "Wall Street Journal" крытычна паставілася да акцыяў пратэсту ў часе вашынгтонскай канфэрэнцыі. Аб гэтым сьведчыць зьедлівы загаловак публікацыі: "Ідыёты глябальнай вёскі". Газэта падкрэсьлівае, што не было адной масавай дэманстрацыі, але шэраг акцыяў розных малых груповак. Пракітайскія актывісты дамагаліся скасаваньня амэрыканскіх гандлёвых санкцыяў супраць Пэкіну, пратыбэцкія групоўкі настойвалі на адмене нармальных зносінаў у гандлі з Кітаем, сябры Міжнароднай Сацыялістычнай Брыгады несьлі плякаты з надпісамі "Рабочыя ўсяго сьвету – яднайцеся і змагайцеся". Зьявіліся прыхільнікі Прагрэсыўнай Рабочай Партыі бальшавіцкага накірунку, былі камуністы, праціўнікі атамнай энэргэтыкі, генэтычнай інжынэрыі і тытунёвай прамысловасьці. Некаторыя групоўкі выступалі супраць вайсковага рэжыму ў Бірме, супраць амэрыканскай прысутнасьці ў Карэі, і перасьледу Курдаў у Турцыі. Актывісты руху за "Этычнае абыходжаньне з жывёламі" выступалі супраць вынішчэньня чарапахаў і дамагаліся аховы фаўны. Сябры яшчэ адной арганізацыі настойвалі на іншым – больш гнуткім рэжыме працоўнага часу. Яны лічаць, што праца з 8-й гадзіны да 5-й не дазваляе ім выконваць іншыя свае абавязкі, у прыватнасьці, прысьвяціць болей часу дзецям. Паводле "Wall Street Journal", дэманстрацыі з нагоды гадавой сустрэчы найбуйнейшых, фінансавых установаў сьвету ў нічым не нагадвалі атмасфэру 60-х гадоў і бурныя дэманстрацыі супраць вайны ў Віетнаме. Тады была поўная аднадумнасьць: "Спыніць вайну". Людзі добра ведалі што робяць і супраць чаго выступаюць, а зараз поўная "балканізацыя", і адны адным пярэчаць. "Wall Street Journal" лічыць, што з бязьлікіх, фінансавых установаў такіх як Усясьветны Банк і Міжнародны Валютны Фонд лёгка зрабіць казла адпушчэньня. Але ж, што гэта значыць быць "супраць глябалізацыі?" Гэта ўсё роўна, што выступаць супраць полавага размнажэньня. Гэта як чалавек зьяўялецца грамадзкай істотай, так глябалізацыя застаецца рэальнасьцю нашага жыцьця. Заміж таго, каб
пратэставаць пад сьцягамі нейкай надуманай арганізацыі "Мабілізацыі за Глябальную Справядлівасьць", лепш паехаць у Маямі, дзе людзі пратэстуюць супраць высылкі 6-цігадовага Эліяна Ганзалеса на Кубу, – піша "Wall Street Journal". Дарэчы, вашынгтонская сустрэчы дала некаторыя вынікі. Удзельнікі абмеркавалі пытаньне трывожнага пашырэньня СНІДу ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Яны таксама дамовіліся адносна зьніжэньня тарыфаў на імпарт тавараў зь бедных краінаў і выказалі аптымізм, наконт разьвіцьця эканомікі не зважаючы на нядаўны крах на нью-ёрскай біржы. Прэзыдэнт Усясьветнага Банку Вольфэнсон наогул адхіліў крытыку з боку дэманстрантаў у адрас гэтых дзвюх фінансавых установаў. Ён адзначыў, што пратэстуючы, некаторыя ня ведаюць, супраць чаго пратэстуюць, і мала ведаюць пра тое, што на самой справе МВФ і Ўсясьветны Банк робяць для найбяднейшых краінаў сьвету.