Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 красавіка 2000 г.


Галіна Прыгара, Нью-Ёрк

(эфір 17 красавіка)
Гэтымі днямі ў Нью-Ёрку адбылося паседжаньне прызыдыюму Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Як вядома, апошнія гады рада БНР пашыралася за кошт новых сяброў зь ліку апошняй хвалі палітычнай эміграцыі. Актывізавалася яе дзейнасьць у эўрапейскіх краінах і ў Амэрыцы. Зараз, на думку многіх сяброў Рады, надыйшоў час перагледзець некаторыя палажэньні статуту, які не мяняўся з 1978 году. Гэтыя ды іншыя пытаньні былі абмеркаваныя на паседжаньні прэзыдыюму Рады БНР.

Адкрываючы сустрэчу, старшыня Рады БНР сп. Івонка Сурвіла паведаміла пра свае звароты да кіраінікоў дзяржаваў із заклікам падтрымаць беларускую дэмакратыю і дзеяньні апазыцыі ў справе змаганьня за незалежнасьць. Былі падведзеныя вынікі сьвяткаваньня Дня Волі сёлета. Спадарыня Сурвіла адзначыла, што падзеі 25 сакавіка, якія адбыліся ў Менску, мусілі пазбавіць заходніх палітыкаў канчатковых ілюзіяў адносна сапраўдных прыярытэтаў палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.

Старшыня Рады БНР выказала падзяку арганізатарам масавых акцыяў салідарнасьці, якія беларускія арганізацыі правялі ў Вашынгтоне, Нью-Ёрку і ў шэрагу эўрапейскіх сталіцаў. Івонка Сурвіла адзначыла таксама станоўчыя вынікі сустрэчаў з чэскімі палітыкамі, у якіх разам зь ёй браў удзел і Васіль Быкаў. Старшыня Рады БНР выказала меркаваньне, што варта было б, каб у розных краінах актывісты беларускай дыяспары маглі б заручыцца падтрымкаю ня толькі палітыкаў, але і прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў. Такія магчымасьці ў сяброў Рады БНР ёсьць, і яны будуць скарыстаныя ў бліжэйшым часе.

Сябры прэзыдыюму рады БНР абмеркавалі інфармацыю пра Ўсебеларускі зьезд. Гэты зьезд паводле ініцыятывы шэрагу прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі мае адбыцца ў Менску. Некаторыя сябры прэзыдыюму Рады БНР выказалі заклапочанасьць з прычыны таго, што некаторыя сродкі масавй інфармацыі ўжо калі-нікалі называюць яго Трэцім Усебеларускім кангрэсам са спасылкаю на нібыта пераемнасьць зь Перпшым Кангрэсам, які адбыўся ў 1917 годзе і даў пачатак утварэньню БНР. Таму на паседжаньні прэзыдыюму было адзначана, што Рада БНР падтрымае кожную ініцыятыву, накіраваную на ўмацаваньне беларускай незалежнасьці, аднак свае паўнамоцтвы Рада Беларускай Народнай Рэспублікі можа перадаць толькі воргану, які абраны беларускім народам з поўным выкананьнем усіх дэмакратычных працэдураў. У цяперашніх умовах, адзначылі сябры прэзыдыюму, такія выбары немагчыма правесьці нават пры моцным жаданьні дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі.

На паседжаньні прэзыдыюму Рады БНР распрацаваныя пляны ўзаемадачыненьняў з уладнымі ўстановамі Злучаных Штатаў у мэтах дампамогі беларускай дэмакратыі і захаваньню незалежнасьці Беларусі. Вырашана таксама, што зьмены ў статут Рады БНР будуць зацьверджаныя на чарговай сэсіі Рады, якая адбудзецца ў Кліўлендзе (штат Агаё) на пачатку верасьня сёлета.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG