Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 красавіка 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

9 раёнаў Берасьцейскае вобласьці пацярпелі ад стыхіі, што абрынулася ўчора на заходні рэгіён Беларусі.

Выпадзеньне вялікай колькасьці ападкаў, пераважна ў выглядзе сьнегу, суправаджалася моцным ветрам, хуткасьць якога дасягала 23 мэтраў у сэкунду. Паводле штабу грамадзянскай абароны Берасьцейскай вобласьці, ў ноч з 5 на 6 красавіка і цягам учорашняга дня былі пашкоджаныя і прыведзеныя ў непрацоўны стан 260 трансфарматарных падстанцыяў. У выніку, без электрычнасьці засталіся 119 населеных пунктаў. У некаторых зь іх наступствы аварыі дагэтуль не ліквідаваныя.

Моцным ветрам сарваныя дахі зь дзясяткаў дамоў, фермаў і гаспадарчых пабудоваў. Непасрэдна ў Берасьці ўчора выпада паўтарамесячная норма ападкаў, што ў красавіку ўспрымаецца як надзвычайнае здарэньне.

Што да стратаў, нанесеных навалай мясцовым земляробам, дык спэцыялісты аблсельгасхарчу ад разгалошваньня якіх бы там ні было канкрэтных лічбаў адмовіліся. На гэта яны маюць пэўныя падставы. Паводле афіцыйных дадзеных, на Берасьцейшчыне спрэс распачатая пасяўная кампанія. У некаторых раёнах вобласьці, як, прыкладам, у Камянецкім, Лунінецкім, Пінскім і Берасьцейскім, пасьпелі засеяць чвэрць ад заплянаваных плошчаў.

Але як сьведчаць спэцыялісты аграрнай галіны, досьвед апошніх гадоў падказвае, што ня трэба браць на веру інфармацыю, якая йдзе безпасярэдне з калгасаў.

У аблсельгасхарчы прызнаюць, што ў выніку праверак высьвятляецца, што некаторыя гаспадаркі, якія, нібыта, пачалі сяўбу, насамрэч альбо ня маюць для гэтага патрэбнай колькасьці паліва, альбо не падрыхтавалі глебу.

Калгаснае начальства мусіць займацца прыпіскамі, каб адрапартаваць чыноўнікам з вэртыкалі пра выкананьне таго ці іншага заданьня. Таму неспрыяльныя зьявы прыроды ў выглядзе красавіцкага сьнегу ці моцнага ветру дазваляюць вясковаму кіраўніцтву сьпісаць на кепскае надвор'е ўласную безгаспадарчасьць і тым самым пазьбегнуць адказнасьці за нізкія вынікі сваёй працы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG