Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 красавіка 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

У Менску адбылася сымбалічная акцыя. Актывісты "Маладога Фронту" й "Грамадзянскага Форуму" пасадзілі "Дрэва Свабоды для Беларусі". Гэта ліпа, якую падаравалі беларусам маладыя чэскія кансэрватары.

У сквэры па вуліцы Пуліхава зьявілася новае дрэва. Сябры "Маладога Фронту" й "Грамадзянскага Форуму" пасадзілі тут "Дрэва Свабоды для Беларусі".

Паводле словаў актывіста "Маладога Фронту" Аляксея Шэйна, сёньняшнюю акцыю можна лічыць несанкцыянаванай:

(Шэйн: ) "Акцыю мы праводзілі без узгадненьня зь менскімі ўладамі. Фактычна, пайшлі самі, не спытаўшыся дазволу".

Дрэва пасадзілі там, дзе пад час леташняга "Маршу Свабоды" адбыліся жорсткія сутычкі паміж дэманстрантамі й праваахоўнымі ворганамі.

"Я думаю, што прыйдзе час, калі гэтае месца стане адным з самых вядомых месцаў, і ўсе будуць ведаць, што там, на Пуліхава, расьце Дрэва Свабоды, будзе нейкая адпаведная шыльда, і сапраўды мы будзем згадваць, як некалі мы жылі ў несвабоднай Беларусі і бачылі ўжо дэмакратычную, свабодную Беларусь", – зазначыў Аляксей Шэйн.

Першае "Дрэва Свабоды для Беларусі" маладыя чэскія кансэрватары й актывісты "Маладога Фронту" й "Грамадзянскага Форуму" пасадзілі ў цэнтры Прагі недалёк ад Карлавага маста напрыканцы сакавіка. Тады на акцыі прысутнічалі прэзыдэнт Беларускае Народнае Рэспублікі Івонка Сурвілла, пісьменьнік Васіль Быкаў і прадстаўнікі гарадзкіх уладаў Прагі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG