Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 красавіка 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Жодзіна

З пачатку красавіка на буйнейшым у краіне Беларускім аўтамабільным заводзе ў адпаведнасьці з дэкрэтам Лукашэнкі распачаўся пераход на кантрактную сыстэму. Гэтая акцыя суправаджаецца перасьледам актывістаў Свабоднага прафэсійнага саюзу, якія выступаюць супраць укараненьня на БелАЗе кантрактнага найму.

На сёньняшні дзень на Беларускім аўтазаводзе кантракты з прадстаўнікамі адміністрацыі падпісалі першыя паўсотні работніцаў швейнае вытворчасьці. Чаму дырэкцыя аўтазавода пачала менавіта з жаночага калектыву?

На гэтае пытаньне кіраўніца гарадзкое Гельсынскае групы Іраіда Міско адказала так: па-першае, у атмасфэры, што цяпер пануе на БелАЗе, лягчэй запалохаць менавіта жанчынаў. Бо для многіх зь іх і для іхных малых дзяцей гэты заробак (36 тысячаў рублёў за месяц у сярэднім) ёсьць адзінай крыніцаю існаваньня.

Яна таксама паведаміла, што напрыканцы красавіка ў Жодзіне павінен адбыцца адмысловы пікет пратэсту супраць укараненьня кантрактнае сыстэмы. Іраіда Міско распавяла, што супраць дэкрэту № 29 няспынна выступалі актывісты аўтазаводзкае суполкі Свабоднага прафэсійнага саюзу Беларускага. Аднак іх на БелАЗе пачаў цкаваць гэтак званы "аддзел эканамічнае бясьпекі", якім кіруе былы супрацоўнік КГБ. У выніку адзін зь лідэраў арганізацыі СПБ Анатоль Рабкавец нядаўна быў змушаны сыйсьці з прадпрыемства:

(Міско: ) "Ён быў бескампрамісна непадкупны… Працу рабіў выдатна. Над ім зьдзекваліся. Яму давалі самыя цяжкія дэталі. Потым яго ў нейкі іншы цэх кідалі. Потым яму прапанавалі мыць падлогу. Потым яго ў калгас пасылалі".

Гэта была Іраіда Міско, лідэр Жодзінскае Гельсынскае групы.

Як жа ў такой сытуацыі паводзіць сябе афіцыйны прафэсійны камітэт, які, дарэчы, ёсьць аддзелам Незалежнага прафэсійнага саюзу работнікаў прадпрыемстваў аўтасельгасмашу ФПБ?

На маё пытаньне адказаў сябра гэтага прафэсійнага саюзу, інжынэр аўтазаводу Юры Насовіч:

(Насовіч: ) "Вось бачыў я афіцыйную заяву прафэсійнага саюзу АСГМ на Дошцы аб'яваў. Ну, гэта так, павесілі: мала хто чытаў, мала хто бачыў…"

Да адкрытай акцыі белазаўскага прафэсійнага камітэту АСГМ супраць кантрактнае сыстэмы справа дагэтуль так і не дайшла, – зазначыў спадар Насовіч. Мы зь ім, дарэчы, размаўлялі ў парку, дзе гэтымі днямі на дрэваў зьявіліся намаляваныя фарбаю бел-чырвона-белыя сьцяжкі. Юры Насовіч выказаў здагадку, што гэта, хутчэй за ўсё, зрабілі рабочыя аўтазаводу, якія такім вось чынам прадэманстравалі свой пратэст супраць парадкаў на заводзе.

Неўзабаве мы заўважылі нейкага маляра: ён пэндзлем перафарбоўваў чырвоныя палоскі ў намаляваных сьцяжках на сінія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG