Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 красавіка 2000 г.


Алег Жукоўскі, Віцебск

Сёньня а сёмай гадзіне раніцы каля прахадной Віцебскага вытворчага аб'яднаньня "Маналіт" адбыўся напад на вядомага ў горадзе актывіста Кансэрватыўна-хрысціянскае партыі БНФ Барыса Хамайду.

Пляцоўка перад уваходам на прадпрыемства – звычайнае месца, на якім Барыс Ханонавіч распаўсюджвае сярод працоўных друкаваную прадукцыю. Вось і сёньня ён падыйшоў туды перад пачаткам зьмены, каб параздаваць колькі паасобнікаў спэцвыпуску Свабоднага прафсаюзу беларускага ў дапамогу рабочаму актывісту, прысьвечанага лукашэнкаўскаму дэкрэту № 29.

Але не пасьпеў спадар Хамайда пачаць сваю справу, як з прахадной выбеглі два чалавекі і ў зьневажальнай форме запатрабавалі, каб ён неадкладна "выбіраўся адгэтуль пакуль цэлы". На спробы даведацца іхныя прозьвішчы адказу не было. У выніку адзін усё ж назваўся кіраўніком аховы, другі суправаджаў першага ў якасьці дадатковай моцы. Удвох яны пачалі адціскаць Хамайду далей ад прахадной, пры гэтым лаяліся і называлі яго "праклятым бэнээфаўцам". Сутычка працягвалася некалькі хвілінаў і невядома, чым бы скончылася, але ў гэты момант з аўтобуснага прыпынку пачаў падыходзіць гурт рабочых, і пільныя ахоўнікі пануючай ідэалёгіі былі вымушаныя хуценька схавацца на тэрыторыі завода.

"Дзякуй Богу! Нічога не падралі", – кажа спадар Хамайда.

А ўсю друкаваную прадукцыю, якая карыстаецца вялікім попытам, ён, як заўсёды, распаўсюдзіў.

У сьвятле апошніх падзеяў ужо магчыма зрабіць высновы: свабоднае слова вельмі муляе, і наступ на незалежны друк ўзмацняецца як з боку ўладаў, так і з боку яе добраахвотных памагатых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG