Куды аддаць дзіця вучыцца? Адказу на гэтае, здавалася б, простае пытаньне ня могуць знайсьці бацькі тых менскіх беларускіх дзетак, якія ў сёлетнім верасьні ўпершыню пойдуць у школу. Цяпер у беларускай сталіцы 242 сярэднія школы. І толькі 11 зь іх захаваліся як беларускія. Я кажу "захаваліся", таму што ў 1995 годзе, да травеньскага рэфэрэндуму, пасьля якога расейская мова стала другой дзяржаўнаю, у беларускай сталіцы было 175 беларускіх школ. Параўнаньне гэтых дзьвюх лічбаў наводзіць на думку, што скарачэньне беларускамоўнай адукацыі, якое ўлады правялі ў Менску, іначай як зьнішчэньнем назваць нельга. На карысьць такога азначэньня сьведчыць і дынаміка набору ў беларускамоўныя першыя клясы. Пачынаючы з 95-га году, яна выглядае наступным чынам. 58 адсоткаў ад агульнае колькасьці вучняў першых клясаў тады былі беларускамоўнымі. У 96-м адразу ж наступіла рэзкае іх скарачэньне – ажно ў тры разы. У наступным 97-м годзе беларускамоўных першаклясьнікаў стала менш яшчэ на 50 адсоткаў. Толькі 7,3 адсоткі менскіх дзетак пачалі свой школьны шлях на роднай мове ў 98-м годзе, а праз год гэтая лічба паменшылася яшчэ на 2 адсоткі. Летась беларускамоўнымі сталі ўсяго 4,3 адсоткі сталічных першаклясьнікаў. Гэтыя лічбы абвяргаюць цьверджаньні чыноўнікаў Міністэрства адукацыі пра нібыта стабілізацыю сытуацыі зь беларускамоўным навучаньнем. На амаль двухмільённую сталіцу пакінулі толькі 11 школаў, у якіх навучаньне вядзецца на мове тытульнае нацыі краіны. У той час, як 231 менская школа вучыць і выхоўвае будучых беларускіх грамадзянаў на мове й традыцыях суседняе краіны. Пытаньне, дзеля чыёй будучыні працуюць школы беларускае сталіцы, – рытарычнае. Адказ на яго палягае ў сфэры стратэгічнае палітыкі кіруючых колаў краіны. І гэта добра ведаюць тыя маладыя сем'і менчукоў, якія былі ў першых шэрагах беларускіх адраджэнцаў канца 80-х – пачатку 90-х. У іх падрасьлі дзеці, якія ў літаральным сэнсе гэтага слова з малаком маці ўсмакталі родную мову. Аднак у пераважнай бальшыні зь іх улада забрала натуральнае права ня толькі думаць, размаўляць, але й вучыцца на матчынай мове. Гэта асабліва выразна б'е па тых дзетках, якім пашчасьціла жыць у цэнтры сталіцы, а таксама ў такіх вялікіх менскіх мікрараёнах, як "Усход", "Захад", "Чыжоўка", "Сухарава", "Малінаўка". У гэтых раёнах Менску няма аніводнае беларускае школы. І бацькам у іх даводзіцца выбіраць паміж моваю і здароўем дзіцяці. Бо паездка ў школу на другі канец гораду пазбаўляе дзіця як мінімум дзьвюх гадзінаў сну, ня лічачы штодзённае транспартнае стомы ў вечна перапоўненых аўтобусах ці тралейбусах. Уздоўж жа зручнага й хуткага мэтро няма аніводнае беларускае школы. Гэтыя ахвяры мажлівыя пры ўмове, што бацька ці маці маюць час, каб вазіць дзіця ў школу, а пасьля ехаць забіраць яго адтуль. А такіх, адносна вольных маладых бацькоў, зразумела, амаль няма. Улічваючы ўсе гэтыя моманты, узьнікае думка, што ўлады наўмысна пакінулі беларускія школы ў аддаленых мікрараёнах. Яна ўзьнікла ня толькі ў назіральнікаў, але і сяброў агульнагарадзкога бацькоўскага камітэту беларускамоўных вучняў. Ён утварыўся ў Менску тры месяцы таму і адразу распачаў змаганьне за свае правы й правы сваіх дзяцей. Пра першыя вынікі гэтага змаганьня мы распавядзем ў аднэй з бліжэйшых нашых праграмаў.

Самае папулярнае
1