Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 красавіка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Менская рэгіянальная мытня заявіла грамадзянскі зыск экс-прэм'еру Міхалу Чыгіру й патрабуе спагнаць зь яго 600 тысячаў даляраў ЗША. Між тым, сёньня прадстаўнікі мытні ня здолелі пераканаўча абгрунтаваць свае прэтэнзіі да былога прэм'ера.

Гэта ўжо другая спроба мытні прад'явіць фінансавыя прэтэнзіі да экс-прэм'ера Міхала Чыгіра ў эпізодзе з фірмаю "Піаск". У пачатку працэсу ўжо заяўляўся зыск мытні да Чыгіра, але тады высьветлілася, што прэтэнзіі аформленыя няправільна, і дакумэнт прыйшлося перарабляць.

Варта адзначыць і яшчэ адную акалічнасьць – эпізод зь няўплатаю 600 тысячаў даляраў мыты фірмаю "Піаск" адносіцца да 1995 году, але спахапілася мытня толькі ў 99-м, калі Міхал Чыгір быў ужо зарыштаваны. Абарона экс-прэм'ера упэўненая, што тут існуе пэўная сувязь, што гэта з падказкі пракуратуры мытня вырашыла прад'явіць прэтэнзіі Чыгіру.

Міхал Чыгір, дарэчы, гэтак патлумачыў, як і чаму ён даведаўся пра фірму "Піаск". Падставаю стаў ліст з "Піаска", у якім прадпрымальнікі прасілі адтэрміноўкі мытаў, бо кантракт на ўвоз аўтамабіляў яны падпісалі да таго, як былі прынятыя новыя памеры мытаў і ўведзены падатак на дадатковую вартасьць. "Дайце час зарабіць грошы, а потым бярыце з нас падаткі, інакш мы проста ня выканаем кантракт", – тлумачылі прадпрымальнікі.

Чыгір узгадвае: "…Мне гэты ліст з рук у рукі перадаў памочнік прэзыдэнта Кучынскі. Прынёс і кажа: "Міхал Мікалаевіч, да мяне зьвярнуліся прадпрымальнікі, я не асабліва ў гэтых справах разумею, але здаецца, яны ўсё слушна пішуць. З-за ўвядзеньня новых мытаў і НДС яны патрапілі ў складаную сытуацыю, і я так разумею, што ім трэба было б дапамагчы", – гэтак, паводле Чыгіра, патлумычыў сваё хадайніцтва за "Піаск" прэзыдэнцкі памочнік Віктар Кучынскі.

Пасьля гэтага Чыгір вырашыў паставіць пытаньне на валютна-крэдытнае камісіі. Што менавіта на ўрадавае камісіі, а не аднаасобна прэм'ерам Чыгіром было прынятае гэтае рашэньне, сёньня пацьвердзіў былы сябра камісіі Іван Цярэшка.

Былы прэм'ер прасіў мытнікаў удакладніць, які канкрэтна закон ці пастанову ён парушыў – адказу не атрымаў. Пры апытаньні прадстаўнікоў мытні таксама высьветлілася, што гэтая ўстанова не прадаставіла суду шмат патрэбных дакумэнтаў. У прыватнасьці, тых, якія б сьведчылі пра намаганьні мытні вярнуць у бюджэт грошы або маёмасьць "Піаска", калі фірма збанкрутавала.

Паводле Міхала Чыгіра, частка гэтых аўтамабіляў цяпер належыць кіраўніцтву справаў прэзыдэнта, запатрабаваць ад гэтае ўстановы выплаты вельмі проста, але гэта чамусьці ня робіцца.

Суд пагадзіўся з абвінавачваным і ягонымі адвакатамі і хадайніцтва задаволіў. Такім чынам, кропка ў гісторыі вакол фірмы "Піаск" і мытнага камітэту пакуль не пастаўленая, хаця шмат што ў ёй ужо зразумела.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG