Вярхоўны камісар ААН у справе правоў чалавека Мэры Робінсан прыбыла сёньня ў Маскву з мэтай абмеркаваць сур'ёзныя парушэньні ў Чачні. Улады Расеі незадаволеныя яе патрабаваньнямі правесьці міжнароднае расьледаваньне гэтых парушэньняў. Між тым, расейскае кіраўніцтва заклапочанае новымі цяжкімі стратамі ў Рэспубліцы Ічкерыя напрыканцы мінулага месяцу. Гэтай тэме прысьвечаная публікацыя ў сёньняшняй "New York Times". Па прылёце ў аэрапорт Унукава пасьля яе двухдзённай паездкі на Паўночны Каўказ, Мэры Робінсан сказала рэпартэрам: "Я занепакоеная атрыманымі зь першых вуснаў сьведчаньнямі наконт сур'ёзных парушэньняў правоў чалавека. Я была таксама вельмі ўражаная сытуацыяй у Грозным і той беднасцьцю, зь якой сутыкнулася там". Прэсавы сакратар вярхоўнага камісара ААН Хозэ Дыяс падкрэсьліў, што просьбы Мэры Робінсан наведаць шэраг мясьцінаў у Ічкерыі, не былі задаволеныя, і гэта яе расчаравала. Паводле словаў Дыяса, улады адмовілі ёй у доступе ў паселішчы Алхан-Юрт, Алхан-Кала і Катыр-Юрт, дзе былі адзначаныя, як паведамлялася, парушэньні правоў чалавека з боку расейскіх вайскоўцаў. Яе не пусьцілі таксама ў фільтрацыйны лягер ва Ўрус-Мартане. Прадстаўнік Пуціна ў Чачні Ўладзімер Каламанаў тым часам заявіў журналістам у аэрапорце Унукава, што для Робінсан былі створаныя ўсе ўмовы для сустрэч зь людзьмі, аднак дрэннае надвор'е і неабходнасьць гарантыяў бясьпекі, нібыта, вымусілі перавезьці яе ў іншае мейсца – у сталіцу Дагестану Махачкалу. Неабходнасьць дадтаковых захадаў бясьпекі тлумачыцца ўладамі нядаўнімі падзеямі ў Ічкерыі, у прыватнасьці, нядаўняй гібельлю прынамсі 43 расейкіх жаўнераў ды міліцыянтаў, што трапілі ў засаду. Газэта "New York Times" прыводзіць словы маршала Сяргеева аб тым, што прычынай гэтага інцыдэнту сталася "недастакова цьвёрдае цэнтралізаванае камандаваньне". Аднак, зазначае газэта, гэты эпізод ня стаўся сюрпрызам для вайсковых экспэртаў. З моманту пачатку вайсковай апэрацыі ў Ічкерыі паўгады таму, экспэрты сьцвярджалі, што мешаніна з войскаў і ўнутраных сілаў пад агульным камандаваньнем, створаная Крамлём, вядзе да бяды. Да таго ж, расейкія вайскоўцы прадэманстравалі, што яны нічога не засвоілі зь мінулых памылак. Засада, у якую трапілі расейскія міліцыянты, была поўнай копіяй пасткі, у якую яны трапілі месяц таму блізу Грознага. У мінулым месяцы ў Чачню быў адпраўлены атрад АМОНу з уральскага гораду Перм. Такія спэцыяльныя атрады міліцыі лепш падрыхтаваныя да утаймаваньня заўзятараў у часе футбольных матчаў, чымся да баёў у Чачні. Ніхто не падрыхтаваў амонаўцаў да таго, што можа здарыцца, калі іх накіравалі з горнага паселішча Ведзяно ў Цэнтэрой і Дарго. Іхны разгром стаўся вынікам мноства памылак і недагляду. Аднак, адсутнасьць каардынацыі паміж расейскім войскам і сіламі Міністэрства ўнутраных справаў сапраўды сталася галоўным фактарам. Гэта – ня новая праблема. Галоўны вайскавод унутраных войскаў быў зьняты з пасады сёлета ў студзені пасьля таго, як з-за раскаардынацыі ў часе баёў за Грозны загінуў генэрал Малафеў.
У выпадку з Пермскім амонам, лёгка ўзброены атрад было вырашана ськіраваць дарогай, якая не кантралявалася расейцамі, без суправаджэньня вайскоўцаў. Радыёперахват з боку расейцаў сьведчыў, што чачэнцы чакалі зьяўленьня міліцэйскага атраду. Чаму вайскоўцы не змаглі папярэдзіць міліцыю – невядома. Але ж і міліцыянты яўна ігнаравалі меры перасьцярогі. Іх вёў чачэнскі праваднік, які заявіў за некалькі кілямэтраў да засады, што ён не хацеў бы ісьці далей, але ж амонаўцы працягвалі рух. Атака чачэнцаў адбылася адпаведна іхнай заўсёднай тактыцы. Калі калёна амонаўцаў увайшла у цясьніну блізу паселішча Жані-Ведзяно, чаэнскія байцы абстралялі з гранатамёту апошні ў калёне бэтээр, і такім чынам пермскі атрад трапіў у пастку…З 37-мі амонаўцаў уратаваліся толькі 5. Зь Ведзяно туды быў накіраваны пошукавы атрад. Аднак, яго ўжо чакалі чачэнскія снайперы, і гэты другі атрад страціў 6 чалавек забітымі і 15 параненымі. Толькі адзін чалавек ацалеў. Гэты жахлівы эпізод вельмі нагадвае тое, што адбылося з амонаўскім атрадам з Падмаскоўя блізу Грознага месяц таму.
Губэрнатар Пермскай вобласьці Генадзі Ігумнаў заявіў, што вайскоўцы абавязаныя былі не дапусьціць другой падобнай засады, плянуючы сур'ёзную апэрацыю. Сэрыя падобных удараў ў сакавіку рэзка павялічыла страты расейцаў пасьля крывавага штурму Грознага. Гэтыя страты з асбалівай вастрынёй адчуваюцца ў маленькіх гарадах і мястэчках, зь якіх накіроўваліся ў Чачню ўнутраныя сілы альбо дэсантнікі. Гэта амонаўцы з Сергіева Пасаду пад Масквой, дэсантнікі Пскоўскай дывізыі і вось цяпер – пермскі атрад. Многія міліцыянты з гэтага атраду, які трапіў у засаду, былі родам з маленькага мястэчка Беразьнікі Пермскае вобласьці. У гэтым мястэчку правёў сваё дзяцінства Барыс Ельцын, – адзначае газэта "New York Times". Дарэчы, як паведаміў сёньня памочнік прэзыдэнта Расеі Сяргей Ястржэмбскі, Уладзімер Пуцін ня меў намеру й ня зьбіраецца сустракацца зь Вярхоўным камісарам ААН у справе правоў чалавека Мэры Робінсан. Рабочы плян Сяргея Ястржэбскага, паводле ягоных словаў, таксама не супадае з праграмай перабываньня Робінсан у Расеі. Яна ўбачыла ў Чачні ўсё, што хацела – сказаў Ястржэмбскі.