(эфір 31 сакавіка)
Кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт, рэспубліканец ад штату Нью-Джэрсі, выступіў у Палаце Прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША з наступнай заявай. "9 сакавіка я ўдзельнічаў у слуханьнях Гэльсынскай Камісіі, пад час якіх мы пачулі пераканаўчую і трывожную інфармацыю пра пагаршэньне сытуацыі ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Мне было прыемна сустрэць у якасьці аднаго са сьведкаў Анатоля Лябедзьку, намесьніка старшыні легітымнага беларускага парлямэнту, разагнанага дыктатарам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам пасьля правядзеньня незаконнага рэфэрэндуму ў 1996 годзе. На жаль, Анатоль Лябедзька быў адным з прыблізна 500 асобаў, арыштаваных у мінулыя выхадныя пад час правядзеньня мірнай дэманстрацыі ў падтрымку дэмакратыі ў Менску. Паведамляюць, што ён быў зьбіты і правёў два дні ў арышце, пакуль ня быў вызвалены. Былі таксама безпадстаўна арыштаваныя прыблізна 30 беларускіх, расейскіх і польскіх журналістаў. Як паведамляюць, стужкі, засьнятыя фотокарэспандэнтамі, былі канфіскаваныя. На Алега Грузьдзіловіча, журналіста апазыцыйнай газэты "Наша Свабода" і Радыё Свабода былі надзетыя наручнікі, ён атрымаў некалькі ўдараў у твар пад час транспартыроўкі зь міліцэйскага пастарунку ў месца затрыманьня. Іншыя затрыманыя таксама зазналі фізычнае ўзьдзеяньне з боку паліцыі. Некаторых дэманстрантаў пасадзілі на лаву падсудных, частка зь іх ужо атрымала прысуд – кароткія тэрміны зьняволеньня. Пад час слуханьняў у Гэльсынскай Камісіі я спытаў спадара Лябедзьку пра характар заплянаваных сакавіцкіх маніфэстацыяў. Ён у адказ выказаў сваю трывогу з нагоды з магчымых правакацыяў з боку міліцыі, так як гэта было пад час пратэстаў у мінулым кастрычніку. На шчасьце вялікая мірная дэманстрацыя 15 сакавіка прайшла без інцыдэнтаў. Паводле сьведчаньняў некаторых назіральнікаў, у тым ліку і спадара Лябедзькі, вялікая колькасьць удзельнікаў (каля 30 тысяч) той афіцыйна дазволенай маніфэстацыі 15 сакавіка выклікала ў Лукашэнкі рэакцыю жорстка расправіцца з маніфэстацыяй 25 сакавіка. Гэта вынікае з нядаўняга папярэджаньня Лукашэнкі, які заявіў, што тыя ўдзельнікі пратэстаў, якія будуць паводзіць сябе неадпаведна, атрымаюць "па заслугах". Разгон дэманстрацыі 25 сакавіка – яшчэ адна ілюстрацыя пагарды рэжыму Лукашэнкі да фундамэнтальных правоў чалавека, уключна з правам на свабоду сходаў і аб'днаньняў, свабоду інфармацыі. Гэта яшчэ адно злачынства ў вялікім сьпісе злачынстваў, якія Лукашэнка зрабіў супраць уласнага народу. Гэта парушэньне абавязальніцтваў Беларусі, якія яна з уласнай волі ўзяла на сябе, калі ўступіла ў Арганізацыю Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе ў 1992 годзе. Я выказваю сваю глыбокую заклапочанасьць справай бясьпекі спадара Анатоля Лябедзькі і іншых актывістаў дэмакратычнага руху ў Беларусі. Я веру, што раней, ці пазьней дэмакратыя пераможа і ў Беларусі".