Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 красавіка 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

У Беларусь прыбыў прэзыдэнт беларуска-расейскае кампаніі «Слаўнафта» Міхал Гуцэрыеў. З Аляксандрам Лукашэнкам і ягоным атачэньнем ён абмяркоўваў сёньня праблемы рэканстукцыі Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу.

Сёньняшняе наведваньне Беларусі Міхалам Гуцэрыевым пацьвердзіла наяўнасьць тут у «Слаўнафты» плянаў, зьвязаных з барацьбою за Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. На сустрэчы з Лукашэнкам Гуцэрыеў другі раз паспрабаваў пераканаць беларускае кіраўніцтва ў неабходнасьці актыўнай мадэрнізацыі Мазырскага заводу.

Першая спроба ў лютым ня мела відавочнага посьпеху. Ад Лукашэнкі і ягонага атачэньня кіраўнік «Слаўнафты» так і не дачакаўся адказу на свой плян рэканструкцыі беларускага гіганта. Гэты плян уключаў прыцягненьне за бліжэйшыя тры гады 108 мільёнаў даляраў інвэстыцыяў. На парытэтэтных умовах. Палову інвэстыцыяў прапаноўвалася забясьпечыць беларускаму боку, другую палову – «Слаўнафце». У выпадку парушэньня адным з партнэраў такога фінансавага праекту, другому меркавалася перадаць ва ўласнасьць дадатковую колькасьць акцыяў на валоданьне Мазырскім НПЗ.

Гуцэрыеў сьцьвярджаў, што гэта рынкавы падыход да супрацоўніцтва. Бо вось ужо некалькі гадоў беларускі нафтаперапрацоўчы гігант, на ягоную думку, вельмі марудна абнаўляецца. Састарэласьць жа абсталяваньня не дае заводу атрымліваць канкурэнтаздольную прадукцыю.

Маўчаньне Лукашэнкі на такую прапанову Гуцэрыева можна зразумець. Бо дзе ж сёньняшняе кіраўніцтва Беларусі знойдзе дзясяткі мільёнаў даляраў інвэстыцыяў на рэалізацыю гэтай ідэі? Для Лукашэнкі такая ідэя – пастка. Няма сумневу, што яе найбольш верагодны вынік – перадача кантролю над беларускім прадпрыемствам «Слаўнафце». «Слаўнафта» ж, нягледзячы на цяперашні беларуска-расейскі статус, у сапраўднасьці кантралюецца Масквою.

Паводле маскоўскіх сродкаў масавай інфармацыі, агрэсіўныя пляны Гуцэрыева тлумачацца ўказаньнямі расейскіх алігархаў. Сьцьвярджаецца, у прыватнасьці, што за сьпінаю цяперашняга кіраўніка «Слаўнафты» постаць алігарха Рамана Абрамовіча, кіраўніка нафтавае кампаніі «Сібнафта». Гэты магнат нібыта прасоўвае праз уладныя структуры ідэю прыватызацыі «Слаўнафты». І калі, паводле гэтакае вэрсіі, беларускі бок пагодзіцца на гуцэрыеўскі варыянт рэканструкцыі Мазырскага НПЗ, то празь нейкі час кантрольным пакетам акцыяў завалодае нафтагенэрал Абрамовіч – партнэр па бізнэсе другога вядомага расейскага алігарха – Барыса Беразоўскага.

Лукашэнку, зразумела, палохае такая пэрспэктыва. Вось чаму на сёньняшняй сустрэчы з Гуцэрыевым ён заявіў пра непрымальнасьць для Беларусі такога разьвіцьця падзеяў. Такой пазыцыі прытрымліваўся Ельцын – так лічыць, – зазначыў Лукашэнка, – і цяперашні прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. «Слаўнафта», паводле ягоных словаў, зьяўляецца ўласнасьцю дзьвюх дзяржаваў, і таму, маўляў, любыя ініцыятывы пэўных колаў зьмяніць форму ўласнасьці кампаніі пацерпяць няўдачу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG