Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 сакавіка 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Пра вынікі апэрацыі "зачысткі" паведамляе наш карэспандэнт Любоў Лунёва.

Пад час гэтак званае "зачысткі" на пляцу Якуба Коласа дзейнічалі вайскоўцы з брыгады нутраных войскаў. Яны хапалі ўсіх, хто трапляў ім на вочы. Акрамя прадстаўнікоў апазыцыі, пад гумавыя дубінкі траплялі жыхары Менску, якія выходзілі з крамаў.

На вачах дзясяткаў людзей адная жанчына вельмі сталага веку выйшла з унівэрсаму "Сталічны". Калі ўбачыла, як вайскоўцы за валасы цягнуць па асфальце юнака, падыйшла да аднаго афіцэра й крыкнула: "Што вы робіце! Ён жа яшчэ зусім дзіцё!". Афіцэр паклікаў свайго памочніка й той ззаду ўдарыў жанчыну дубінкаю па патыліцы. Падаючы, яна выпусьціла сумку з прадуктамі. На боты вайскоўцаў пырснула малако. Яны падхапілі жанчыну й пацягнулі яе ў "варанок". Да сумкі падбег яшчэ адзін вайсковец, нагою прыпадняў яе, раскідаў усе прадукты й пабег да сваіх. Адная жанчына падбегла да іх, плакала – казала, што гэта яе старая хворая маці. Гэтую жанчыну таксама пацягнулі ў "варанок".

Я была бліжэй за астатніх журналістаў да "варанка". Да мяне падбег афіцэр і стукнуў па дыктафону дубінкаю. З яго высыпаліся батарэйкі. Два целаахоўнікі гэтага афіцэра пачалі іх таптаць. Нейкі апэратыўнік шапнуў ім, што я карэспандэнтка "Радыё Свабода", тады яны радасна ўзвылі: "А вас мы сегодня будем "мочить" по отдельной программе!".

Ля філярмоніі зьявіліся "РНЕ'шнікі". Калі назіральнікі зьвярнуліся да вайскоўцаў – чаму не затрымліваюць "баркашоўцаў"? – тыя адказалі, што так і павінна быць, казалі – "это наши".

У гэты час у аўтобус цягнулі й цягнулі іншых ахвяраў. Высьветлілася, што на пляцы дзейнічалі пераважна вайскоўцы, апранутыя ў міліцэйскую форму. Яны, акрамя загаду хапаць людзей, выконвалі і яшчэ адзін загад, які меў дачыненьне толькі да журналістаў: выхоплівалі з рук карэспандэнтаў відэакамэры, выймалі зь іх касэты, а многія камэры папросту білі.

Потым, відаць паступіла іншая каманда, і пачалі хапаць саміх журналістаў, назіральнікаў ды іншаземцаў. Калі мяне затрымалі і я трапіла ў машыну, там былі адныя назіральнікі й наш карэспандэнт Міхал Стэльмак. Побач з вайскоўцамі ляжалі дыктафоны й фотаапараты. У Стэльмака забралі касэту й акумулятар. У мяне хацелі адабраць дыктафон, але, калі я запэўніла іх, што ён не працуе, супакоіліся.

Нас трымалі ў машыне каля дзьвюх гадзінаў, казалі – няма куды везьці, Савецкі РАУС запоўнены затрыманымі, нават актавая заля (а паводле інструкцыі, нас павінны адвезьці менавіта туды). Потым прыйшла каманда весьці нас на базу – гэта стадыён на тэрыторыі вайсковае часткі, дзе ўжо было каля дзьвюх сотняў чалавек.

Усяго было затрымана каля пяцісот чалавек. Пераважна гэта былі журналісты й назіральнікі. Іх адмыслова трымалі на стадыёне, асобна ад тых, хто знаходзіўся ў будынку, каб не складаць пратаколы. Бо, па-першае, гэта не прэрагатыва вайскоўцаў, а па-другое, няма пратаколу й рапартаў з прозьвішчамі складальнікаў – ня ведаеш, на каго падаваць скаргу й атрымліваць кампэнсацыю за пашкоджаную маёмасьць.

Зараз у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вул. Акрэсьціна колькасьць затрыманых – больш за сотню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG