(эфір 18 сакавіка)
Сьпікер расейскае Дзяржаўнае думы Генадзь Селязьнёў, які неаднаразова ва ўсім падтрымліваў Аляксандра Лукашэнку, і які актыўна супрацоўнічае з лукашэнкавай "Палатаю прадстаўнікоў", нечакана стаў "ініцыятарам" запрашэньня не "палатнікаў", а дэпутатаў Вярхоўнага Савету Беларусі ў якасьці міжнародных назіральнікаў на маючыяся адбыцца 26 сакавіка выбары прэзыдэнта Расейскае Фэдэрацыі. Сёньня старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Сямён Шарэцкі падпісаў распараджэньне, згодна зь якім два дэпутаты Вярхоўнага Савету – Уладзімер Нісьцюк і Віктар Хоміч накіроўваюцца ў якасьці афіцыйных міжнародных наглядальнікаў на выбары прэзыдэнта Расейскае Фэдэрацыі. Падставаю да прыняцьця такога рашэньня быў ліст, атрыманы Шарэцкім ад старшыні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Хэле Дайн. Спадарыня Дайн паведамляе, што на яе адрэсу паступілі запрашэньні для прадстаўнікоў парлямэнцкай арганізацыі, якую яна ўзначальвае, наведаць Расею для ўдзелу ў назіраньні за выбарамі. Адпаведныя дакумэнты падпісаў сьпікер Дзяржаўнае думы Генадзь Селязьнёў. Таму старшыня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ й пераслала запрашэньні на адрэсу кіраўнікоў сталых дэлегацыяў нацыянальных парлямэнтаў тых 54-х краінаў, што ўваходзяць цяпер у склад Арганізацыі супрацоўніцтва й бясьпецы ў Эўропе. А паколькі пасьля гэтак званага "лістападаўскага" 1996 году рэфэрэндуму Парлямэнцкая асамблея ўжо тройчы пацьвердзіла, што адзіным легітымным вышэйшым заканадаўчым ворганам Беларусі зьяўляецца толькі Вярхоўны Савет 13-га скліканьня, дык зразумела, чаму запрашэньні прышлі на ймя Сямёна Шарэцкага, які адначасна зьяўляецца й сьпікерам, і кіраўніком сталае беларускае дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі. Выбар на карысьць дэпутатаў Нісьцюка й Хоміча зроблены таксама невыпадкова. Менавіта яны разам з Шарэцкім і Лябедзькам уваходзяць у склад сталае беларускае дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. І таму ў Маскву яны накіроўваюцца з, так бы мовіць, падвойным дэпутацкім статусам: нацыянальным і міжнародным. Як лічыць спадар Шарэцкі, такая перасьцярога будзе зусім нялішняй, ведаючы стасункі Селязьнёва й Лукашэнкі. Хаця, з другога боку, перасьцярога можа й не спатрэбіцца. Справа ў тым, што акрэдытацыю ў якасьці міжнароднага назіральніка трэба атрымліваць не ў Міністэрстве замежных справаў Расейскае Фэдэрацыі, а ў Цэнтральнай выбарчай камісіі, пра што, дарэчы, і напісана ў лісьце сьпікера Дзяржаўнае думы.