Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сакавіка 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Наш карэспандэнт Ягор Маёрчык прайшоў з маніфэстантамі ад пляцу Якуба Коласа да пляцу Бангалёр. Вось ягоны рэпартаж.

Зранку ў дварах паўз праспэкт Скарыны ня было мейсца, каб прыпаркаваць машыну. Паўсюль стаялі аўтобусы зь цёмным шклом. Такую ж карціну можна было назіраць у двары цырку, па вуліцы Янкі Купалы й нават ў дзіцячым парку. За цёмным шклом хаваліся сотні міліцыянтаў, супрацоўнікі спэцаддзелаў і жаўнеры нутраных войскаў. Такім чынам улады рыхтаваліся да сёньняшняга "Маршу Свабоды – 2".

Не зважаючы на ўсе пагрозы й дэманстрацыю сілы, больш за 20 тысячаў чалавек прыйшлі на пляц Якуба Коласа. Пляцоўка ля помніку не зьмяшчала ўсіх, хто прыйшоў сюды. Таму людзі зьбіраліся таксама на прыступках Філярмоніі й ЦУМу.

(Карэспандэнт: ) "Чаму вы ўдзельнічаеце ў сёньняшнім мітынгу і шэсьці?"

(Голас удзельніцы: ) "Таму што мы ня хочам, каб у нашай краіне была дыктатура, за свабоду слова…"

(Голас удзельніцы: ) "Я тут, таму што мне не абыякавы лёс маёй Бацькаўшчыны. Я ў будучым буду жыць тут. Я хачу каб ў мяне было нармальнае жыцьцё".

(Голас удзельніцы: ) "І, галоўнае, незалежная краіна…"

(Карэспандэнт: ) "Вядома, што Марш Свабоды арганізоўваецца ў абарону незалежнасьці Беларусі і падтрымку перамоўчага працэсу паміж урадам і апазыцыяй. Скажыце, што для вас ёсьць незалежнасьць Беларусі?"

(Голас удзельніцы: ) "Незалежнасьць – гэта асобная краіна, калі мы ні ад кога не залежым, калі ўсе людзі свабодныя".

(Голас удзельніцы: ) "Гэта – свая мова, свая культура".

(Карэспандэнт: ) "А вы не баіцёся наступстваў Маршу? Вядома, што пад час першага Маршу адбыліся жорсткія бойкі, і для шмат каго з удзельнікаў Маршу ўдзел у ім меў вельмі дрэнныя наступствы. Ці баіцёся вы?"

(Голас удзельніцы: ) "Не, наадварот. Мы былі на першым Маршы і з падвойнай цікавасьцю і радасьцю мы прыйшлі сюды. Бо калі мы будзем сядзець дома, мы нічога не дакажам для свайёй Бацькаўшчыны, і трэба ня словам, але справай дамагацца незалежнасьці".

(Голас удзельніцы: ) "Галоўнае не прыйсьці і ўлезьці ў бойку, галоўнае – проста прыйсьці і падтрымаць".

(Карэспандэнт: ) "Вось вы нязгодныя з тым, што адбываецца ў нашай краіне. Ці ведае хто-небудзь з вас, як трэба кіраваць краінай?"

(Голас удзельніцы: ) "Па-пршае, трэба каб краіна бышла незалежная, па-другое, трэба даць людзям свабоду слова, каб яны маглі выказваць свае погляды, і трэба размаўляць на роднай мове".

(Карэспандэнт: ) "Колькі вам год?"

(Голас удзельніцы: ) "Трынаццаць".

(Голас удзельніцы: ) "Трынаццаць".

(Голас удзельніцы: ) "Пятнаццаць".

(Голас удзельніцы: ) "Чатырнаццаць".

(Голас удзельніцы: ) "Я ўдзельнічаю, таму што з гэтым рэжымам жыць больш не магу. Пэнсія – мізэрная. Лекі – дарагія. Хопіць пакутаў!"

(Карэспандэнт: ) "Спадар Кійко, некалі Вы атрымалі хімію за ўдзел за апазыцыйных мітынгаў, і сёньня прыйшлі на Марш Свабоды. Чаму? Ці не баіцёся вы нейкіх наступстваў?"

(Кійко: ) "Не баюся. Мы калі сядзелі на хіміі, прыяжджалі заўсёды на ўсе акцыі. Лыско Валодзя і я. Амаль ніводнай не прапусьцілі. А зараз нам чаго баяцца?"

Малады хлопец хаваў свой твар за хусткай. Чаму?

(Голас: ) "Рэч у тым, што рознага кшталту непрыемнасьці могуць быць у школе і гэтак далей. Я раней вучыўся ў адной вядомай беларускай гімназіі, але на "Маршы", былым, я быў затрыманы за налепкі, агітацыйную дзейнасьць і пасьля гэтага я быў змушаны пакінуць тую школу…"

(Карэспандэнт: ) "А скажыце, чаму Вы сёньня прыйшлі на "Марш Свабоды" і ці не баіцёся Вы наступстваў для сябе?"

(Голас: ) "Я лічу, што ўжо баяцца больш няма чаго. Трэба было баяцца раней. А калі ўжо пачаў, трэба весьці гэтую справу да канца…"

(Карэспандэнт: ) "Вядома, што "Марш Свабоды" ладзіцца ў абарону незалежнасьці Беларусі і падтрымкі перамоўных працэсаў. Што для Вас ёсьць незалежнасьць Беларусі?"

(Голас: ) "Складанае вельмі пытаньне. Пытаньне вельмі складанае. Адразу не магу адказаць…"

(Карэспандэнт: ) "Але Вы сёньня тут…"

(Голас: ) "Так. Я за нежалежнасьць".

Пасьля ўчорашніх заяваў Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што арганізатары і ўдзельнікі акцыі нібыта адпрацоўваюць бандыцкія грошы з Захаду, прысутным на пляцы раздавалі стылізаваныя купюры ў сто амэрыканскіх даляраў. Толькі замест партрэту Аляксандра Лукашэнкі на іх быў лягатып акцыі. На адваротным баку – надпіс "удзельніку "Маршу Свабоды – 2".

На пачатку шэсьця маніфэстанты выйшлі на праезную частку праспэкту Скарыны.

Само шэсьце выглядала досыць маляўніча. Шэрыя будынкі на праспэкце й пахмурнае надвор'е. Сярод гэтага – шматтысячная бела-чырвона-белая рака з удзельнікаў шэсьця. З пачаткам шэсьця неба нечакана пасьвятлела й стала цёмна-блякітнага колеру.

На галовах некаторых з удзельнікаў былі карыкатурныя маскі Аляксандра Лукашэнкі. У руках яны трымалі плякаты "Гульня скончана".

Лёзунгі маніфэстантаў на беларускай і ангельскай мовах патрабавалі дэмакратычных пераўтварэньняў, выкананьня правоў чалавека й спыненьня дэспатызму: "Не дыктатуры!", "Я люблю свабоду!", а таксама: "Лукашэнка, вярні Ганчара й Красоўскага".

Вуліца Сурганава. Яшчэ ўчора тут рамантавалася праезная частка. А сёньня па ёй бесьперашкодна крочаць маніфэстанты. Цяжкасьці пачаліся на рагу вуліцаў Сурганава й Якуба Коласа. Там міліцыянты не спынілі сустрэчны рух грамадзкага транспарту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG