Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 сакавіка 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

(эфір 9 сакавіка)
Міністэрства фінансаў абвясьціла пра сваю грашовую ініцыятыву. У бліжэйшы час жыхарам будуць прапанаваныя гэтак званыя "выйгрышныя аблігацыі".

Паводле афіцыйнае тэрміналёгіі, ініцыятыва Міністэрства фінансаў мае назоў "Выйгрышнае валютнае пазыкі". Жыхарам краіны будзе прапанавана купіць у міністэрства 100-даляравыя аблігацыі. Пасьля гэтага аблігацыі ператвараюцца ў лятарэйныя білеты. Міністэрства праводзіць іх розыгрыш і ўладальнікі шчасьлівых нумароў атрымліваюць прызы – у выглядзе валютных купюраў або рэчавых выйгрышаў: тэлевізараў, лядоўняў, мотаблёкаў.

Аднак, як вынікае зь сёньняшняе прэсавае канфэрэнцыі кіраўнікоў Міністэрства фінансаў, выйграць можна няшмат. Максімальны валютны выйгрыш аднае аблігацыі – 40 даляраў за год. Толькі калі асабліва моцна пашанцуе, яе пакупнік атрымае кватэру. На 100 тысячаў аблігацыяў будзе разыграна, як паведаміў намесьнік міністра фінансаў Яўген Сіняўскі, усяго дзьве кватэры – аднапакаёўка і трохпакаёўка.

Малы прызавы фонд тлумачыцца нізкімі стаўкамі, якімі заахвочваюцца пакупнікі аблігацыяў. 8 адсоткаў складзе за год грашовы фонд і 2 адсоткі – рэчавы. Прынамсі, як падкрэсьліла кіраўніцтва Міністэрства фінансаў, іхныя ўмовы лепшыя за ўмовы Нацыянальнага банку. Сапраўды, Нацыянальны банк на мінулым тыдні таксама абвясьціў пра выпуск для жыхароў Беларусі 100-даляравых аблігацыяў. Але пад 6 адсоткаў гадавых.

Такім чынам, дзьве дзяржаўныя структуры распачалі спаборніцтва за валютныя ашчаджэньні беларусаў. Паводле зьвестак Міністэрства фінансаў, гэтых ашчаджэньняў шмат. 1,5, а то й 2 мільярды даляраў жыхары краіны трымаюць сёньня ў "панчохах".

Чыноўнікаў такая форма захоўваньня валюты не задавальняе. На іхную думку, лепш, каб валюта прыносіла карысьць дзяржаве. У прыватнасьці, ураду, які, паводле словаў яшчэ аднаго намесьніка міністра фінансаў Анатоля Сьвержа, ня можа зьвесьці валютныя "канцы з канцамі". Бюджэтны дэфіцыт краіны на 2000 год, – сказаў ён, – 10 мільёнаў даляраў.

Ягоны калега Яўген Сіняўскі дадаў, што гэты год – асаблівы для Беларусі. Сёлета, сказаў ён, надыходзіць "пік" фінансавых выплатаў ураду на свае міжнародныя забавязаньні. Гэтая вонкавая запазычанасьць складае зараз 128 мільёнаў даляраў. Цяперашніх жа афіцыйных крыніцаў дзеля ейнага пагашэньня не хапае.

Каб краіна захавала аўтарытэт на міжнароднай арэне, каманда Лукашэнкі павінна знайсьці дадатковыя валютныя ручаіны. Але ці будзе паўнаводным ручай валютных пазыкаў у грамадзянаў – кіраўніцтва Міністэрства фінансаў ня ведае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG