Кангрэс ЗША ўчора праводзіў беларускія слуханьні. Наша вечаровая праграма з-за розьніцы у часе выйшла тады, калі ўдзельнікі слуханьняў яшчэ знаходзіліся на Капіталійскім узгорку. Сёньня ў нашай праграме – яшчэ некалькі галасоў з Вашынгтону. Праблемы дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі на слуханьні былі вынесеныя Камісіяй бяспекі і супрацоўніцтва ў Эўропе Кангрэсу ЗША. Зь беларускага боку былі запрошаныя прадстаўнікі Вярхоўнага Савету – спікэр Сямён Шарэцкі і яго намесьнік – Анатоль Лябедзька. У якасьці госьця на абмеркаваньні прысутнічаў таксама старшыня БНФ Зянон Пазьняк. Старшыняваў на паседжаньні кангрэсмэн Крыстафер Сьміт, які адкрываючы дыскусію зазначыў, што "становішча беларускага народа, які доўга церпіць, становіцца яшчэ горшым". Крыстафэр Сьміт таксама адзначыў, што Аляксандар Лукашэнка застаецца пры ўладзе, нягледзячы на заканчэньне яго легітымных паўнамоцтваў. Палітычная апазіцыя садзіць ў турме, або яе прадстаўнікі проста зьнікаюць. Гаворыць кангрэсмен Крыстафер Сьміт: (Сьміт: ) "Рэжым Лукашэнкі працягвае чапляцца за ўладу, душачы фундамэнтальныя свабоды і парушаючы правы чалавека. Пасьля шэрагу няўдалых спробаў (рэжым) адмаўляецца удзельнічаць у рэальным дыялёгу з апазыцыяй. Замест гэтага (Лукашэнка) загаворвае гэты дыялёг або карыстаецца тактыкай зацягваньня і заблытваньня, якая вельмі нагадвае камуністычнае мінулае". – Такое меркаваньне выказаў на слуханьнях кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт. Пагаршэньне сытуацыі ў Беларусі адзначыў таксама памочнік дзяржсакратара ў справах дэмакратыі, правоў чалвека і працы Гаральд Коў: (Коў: ) "Сытуацыя ў Беларусі значна пагоршылася ад вясны 1999-га году, калі праходзілі папярэднія слуханьні наконт гэтай абложанай краіны. Беларусь застаецца ззаду у той час, калі астатняя Эўропа імкнецца збудаваць супольны фундамэнт дэмакратычнага кіраваньня, павагі да правоў чалавека і ўлады закону". Гаварыў Гаральд Коў. Да пытаньня легітымнасьці ўлады Аляксандра Лукашэнкі вярнуўся спадар Рос Вільсан, дарадца дзяржсакратара ў справах новых незалежных дзяржаваў: (Вільсан: ) "Рэжым Лукашэнкі даўно страціў сваю дэмакратычную легітымнасьць і, на наш погляд, ня мае паўнамоцтваў абавязваць Беларусь да нечага, што можа зьменшыць сувэрэнітэт і самастойнасьць краіны". Такім чынам Рос Вільсан пракамэнтаваў захады ў стварэньні саюзнай расейска-беларускай дзяржавы. Пра свае перасьцярогі адносна страты беларускай незалежнасьці гаварыў на слуханьнях у Вашынгтоне Сямён Шарэцкі. "Калі, не дай Бог, Беларусь будзе анэксаваня Расеяй, сказаў ён, тады 700 кіляметровы клін уточыцца глыбей у Эўропу". У нашай учорашняй праграме прагучалі ацэнкі таго, якое практычнае значэньне для Беларусі могуць мець гэтыя слуханьні. У прыватнасьці, старшыня Камісіі Вярхоўнага Савету ў міжнародных дачыненьнях Анатоль Лябедзька адзначыў, што адчувае больш прынцыповае і жорсткае стаўленьне ЗША да вырашэньня беларускага канфлікту, і што яны, у адрозненьне ад Эўропы, ня блытаюць паняцьці "перамовы" і "дыялёг". Зянон Пазьняк, які ўдзельнічаў у ранейшых слуханьнях яшчэ ў 1996-м годзе, між тым адзначае, што цяпер абмеркаваньне мела больш дзелавы і канкрэтны характар. З поўным тэксатм гэтых інтіэрвію вы можаце пазнаёміцца на старонцы Радыё Свабода ў Інтэрнэце па адрасе www.svaboda.org Адразу па завяршэньні слуханьняў беларускага пытаньня ў Кангрэсе інтэрвію нашаму радыё даў кіраўнік рабочай групы АБСЭ па Беларусі Адрыян Севярын. (гл. наступны матэрыял)
Самае папулярнае
1