Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сакавіка 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Заўтра беларускія ўлады мяркуюць вызначыцца ва ўзаемадачыненьнях з дэмакратычнымі прафэсійнымі саюзамі. Працяг перасьледу прафэсійных саюзаў пагражае краіне вонкаэканамічнымі стратамі.

Палітыка ўладаў у дачыненьні да дэмакратычных прафэсійных саюзаў, як паведаміў нашаму радыё іхны лідэр Віктар Бабаед, павінна стацца прадметам разгляду Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Ярмошына пад час іхнае заўтрашняе сустрэчы.

Гэты разгляд прадыктаваны наступнымі абставінамі. Паводле словаў Бабаеда, беларускі ўрад атрымаў паведамленьне ад ураду Злучаных Штатаў Амэрыкі пра тое, што ЗША маюць намер перагледзець гандлёвы статус Беларусі.

Вынікам перагляду можа стацца выключэньне беларускіх тавараў з амэрыканскай сыстэмы прэфэрэнцыяў. Інакш кажучы, могуць быць скасаваныя ільготныя стаўкі на ўвоз беларускай прадукцыі на рынак ЗША. Такі крок, як няцяжка зразумець, балюча ўдарыць па айчынным экспарце.

Што такое папярэджаньне атрымана афіцыйным Менскам, пацьвярджаюць і крыніцы ў атачэньні Лукашэнкі. Паводле іхных зьвестак, адной з прычынаў называецца "адсутнасьць прагрэсу ў захаваньні міжнародна прызнаных правоў працоўных".

Віктар Бабаед патлумачыў, што амэрыканская пагроза зьвязаная з распачатым летась змаганьнем уладаў са структурамі Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафэсійных саюзаў. Паводле словаў прэзыдэнта Кангрэсу, вось ужо некалькі месяцаў па ўсёй краіне адбываецца перасьлед арганізацыяў і сяброў дэмакратычных прафэсійных саюзаў. Гвалт і беззаконьне спрычыніліся да звароту гэтых прафэсійных саюзаў у міжнародныя арганізацыі і амбасады замежных краінаў. Улады ЗША адрэагавалі на такі зварот папярэджаньнем пра магчымасьць скасаваньня гандлёвых прэфэрэнцыяў.

Паводле інфармацыі старшыні Свабоднага прафэсійнага саюзу Беларусі Генадзя Быкава, напрыканцы студзеня да яго зьвярнуліся прадстаўнікі амбасады ЗША ў Менску, каб прафэсійныя саюзы выказаліся наконт прэфэрэнцыяў. Быкаў папрасіў адтэрмінаваць разгляд Вашынгтонам пытаньня да 15 сакавіка. Адначасова, паводле ягоных словаў, ён паінфармаваў пра гэта атачэньне Лукашэнкі й зьвярнуўся з прапановаю аднавіць да гэтае даты канструктыўныя ўзаемадачыненьні з уладамі. Першы віцэ-прэм'ер ураду Васіль Даўгалёў паабяцаў спыніць антыпрафсаюзны гвалт і вярнуцца да цывілізаванага супрацоўніцтва. На жаль, сказаў Генадзь Быкаў, за апошнія тыдні нічога ня зьмянілася. Перасьлед суполак і сяброў Свабоднага прафэсійнага саюзу працягваецца. Разам з тым ЗША не зьнялі з парадку дня пытаньне гандлёвых прэфэрэнцыяў.

Яшчэ адзін лідэр дэмакратычных прафэсійных саюзаў Уладзімер Макарчук паведаміў нашаму радыё, што днямі прафэсійныя саюзы і ўлады апошні раз паспрабавалі вырашыць канфлікт: "Апошні раз мы атрымалі ў вуснай форме запэўніваньне з боку Адміністрацыі прэзыдэнта, што такое рашэньне будзе прынятае. Гэта мае адбыцца пад час чарговае сустрэчы Лукашэнкі з выканальнікам абавязкаў прэм'ер-міністра. Нас запэўнілі, што праблема будзе зьнятая. Калі гэтага не адбудзецца, то незалежна ад далейшых абяцаньняў ураду мы будзем зьвяртацца па дапамогу. Бо што рабіць, калі ў нас няма іншых шляхоў узьдзеяньня на ўлады. Мы ня можам забавязаць Кангрэс ЗША прыняць рашэньне, але мы будзем зьвяртацца," – зазначыў намесьнік прэзыдэнта Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафэсійных саюзаў Уладзімер Макарчук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG