Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 сакавіка 2000 г.


Валянцін Жданко, Менск

4 сакавіка беларускія міліцыянты сьвяткуюць. На сьвята міністар Юры Сівакоў запрасіў сваіх калегаў з суседніх краінаў. У Менску сабраліся міністры нутраных справаў Расеі Ўладзімер Рушайла і Ўкраіны Юры Краўчанка, а таксама намесьнікі кіраўнікоў паліцэйскіх ведамстваў Польшчы Ўладыслаў Падва й Летувы Вітаўтас Грыгаравічус.
Пра тое, як успрымаюць сёньня міліцыянта ў беларускім грамадзтве і якую спэцыфічную ролю ўсклала ўлада на людзей у міліцэйскіх мундзірах – камэнтар Валянціна Жданко.

Заробак у сяржанта беларускае міліцыі большы, чым у вайскоўца-лейтэнанта, які служыць дзе-небудзь у лясным гарнізоне. Гэты заробак таксама непараўнальны з тым, на што можа разьлічваць выпускнік тэхнічнае ВНУ, якога накіроўваюць куды-небудзь на канчаткова запушчаны завод. Сотні беларускіх хлопцаў (асабліва ў правінцыі) прыходзяць пасьля войску або інстытуту служыць у міліцыю проста таму, што ня бачаць іншага выбару, іншага спосабу, каб пракарміць сябе й свае сем'і.

Міліцыянтам гэтая ўлада плаціць больш, чым іншым, бо ўсё часьцей ёй даводзіцца хавацца за іхнымі сьпінамі. Учарашні вясковы хлопец, якога апранулі ў бронекамізэльку й далі ў рукі бляшаны шчыт і гумавую палку, выглядае брава і ўпэўнена хіба што на экране тэлевізара.

У рэальнасьці, каб зразумець сапраўдныя пачуцьці, якія перажывае ён, атрымаўшы загад зьбіваць і таптаць людзей толькі за тое, што яны думаюць ня так, як улада, – трэба пабываць на ягоным месцы. Фізычна адчуць скіраваную на яго нянавісьць натоўпу, пачуць крыкі й стогны ахвяраў, пабачыць кроў на зьбітых тварах. Чалавек з нармальнай псыхікаю ня можа не адчуваць маральную адказнасьць за такія ўчынкі, нават калі не ён аддае гэтыя загады і калі ягоны твар схаваны пад чорнай маскаю або за шклом шлема.

Многія зь іх самі называюць гэтую справу бруднай. Хоць вельмі нямногім, падобна як старэйшаму лейтэнанту Алегу Батурыну, стае мужнасьці й адвагі прызнацца ў гэтым і зьняць зь сябе шэры міліцэйскі мундзір. На тое ёсьць шмат тлумачэньняў, і далёка не заўсёды варта дакараць гэтых людзей за маладушнасьць.

Красамоўная дэталь: зь ініцыятывы новага міністра нутраных справаў генэрала Юрыя Сівакова беларуская міліцыя неўзабаве зноў зьменіць узор формы – трэці раз за апошнія дзевяць гадоў. Цікава гэта ня столькі тым, што міністэрская забава надзвычай дарагая, колькі тлумачэньнем генэрала Сівакова – чаму спатрэбілася мяняць мундзіры:

"Ну, што гэта за мышыны колер, што за пакрой", – наракаў ён у мінулы чацьвер у праграме дзяржаўнае тэлевізіі "Падзея", – "калі б не кукарды ды замест чорных пагонаў вітыя срэбныя – копія формы нямецкіх фашыстаў.

Нібы фашыстаў, калі б тыя замест шэрых мундзіраў Вермахту насілі сінія галіфэ НКВД, перасталі б называць фашыстамі.

Так што беларускіх міліцыянтаў неўзабаве пабачым новых паводле формы. Ужо вядома, што за ўзор будуць узятыя ці то славутыя чырвоныя фуражкі падначаленых Берыі, ці то цёмна-шэрыя мундзіры міліцэйскіх дывізіяў генэрала Рушайлы, якія гэтымі днямі праводзяць карныя апэрацыі ў чачэнскіх гарадох ды сёлах. І ў тых, і ў другіх вядомая рэпутацыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG