Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 сакавіка 2000 г.


Віктар Дзятліковіч, Масква

Татарстан зноў выказвае жаданьне далучыцца да саюзу Беларусі і Расеі на роўных правох. Пра гэта заявілі некалькі татарскіх нацыянальных арганізацыяў у сваім лісьце да выконваючага абавязкі прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. У Маскве лічаць, што за гэтай акцыяй можа стаяць прэзыдэнт Татарстану Менцімер Шайміеў.

Зварот да Ўладзімера Пуціна падпісалі прадстаўнікі трох нацыянальных арганізацыяў Татарстану – Татарскага грамадзкага цэнтру, партыі "Іттіфак" і грамадзка-палітычная арганізацыя "Харыят". Гэтыя арганізацыі заўжды лічыліся апазіцыйнымі кіраўніцтву Татарстану, бо выступалі з пазыцыяў нацыянальнага адраджэньня і незалежнасьці рэспублікі. Але маскоўскія назіральнікі лічаць, што гэтым разам ініцыятыва нацыянальных арганізацыяў супала з інтарэсамі Менцімера Шайміева.

У сваім лісце татарскія нацыяналісты пішуць "Ніхто ня можа аспрэчваць лягічнасьць падпісаньня саюзнае дамовы Расеі і Беларусі, але таксама цалкам натуральным і лягічным зьяўляецца жаданьне татарстанцаў стаць трэцім сябрам гэтага саюзу".

Пры гэтым кіраўнікі нацыянальных арганізацыяў фактычна шантажуюць Уладзімера Пуціна пагрозай распаду Расеі пасьля вайны у Чачні. "Жорсткасьць у адносінах да чачэнскага народу, – гаворыцца у лісце, – узмацніла цэнтрабежныя тэндэнцыі, і яны будуць узмацняцца з кожным годам".

Маскоўскія назіральнікі адзначаюць, што акрамя нацыянальных арганізацыяў, у падвышэньні статусу Татарстану зацікаўлены і сам прэзыдэнт Мейцімер Шайміеў. Ён ужо неаднаразова выказваўся за тое, каб у працэсе стварэньня саюзу Беларусі і Расеі ўлічваліся інтарэсы Татарстану. Масква на гэтыя заявы рэагавала крытычна. Напрыканцы гэтага году, магчыма, будуць праведзеныя выбары у парлямэнт саюзу Беларусі і Расеі. Калі Татарстан ня мае намеру адмаўляцца ад сваёй пазыцыі і паспрабуе правесьці ў саюзны парлямэнт сваіх дэпутатаў, то варта было нагадаць пра свае прэтэнзіі. Менцімер Шайміеў зрабіў гэта рукамі іншых, каб нэгатыўная рэакцыя федэральнага цэнтру скіравалася, у выпадку чаго, на нацыянальныя арганізацыі, а не на яго асобу.

Пакуль Крэмаль афіцыйна ніяк не рэагуе на заяву татарскіх нацыяналістаў. Інтэрнэт-выданьне "Gazeta.ru" камэнтуе гэта так: "Крэмль цудоўна разумее, што як толькі ён прадэманструе нават мінімальную гатоўнасьць абмяркоўваць з рэспублікамі магчымасьць зьмены іх статусу, цяперашні дзяржаўны лад Расеі рассыпецца з неверагоднай хуткасьцю".

Ускоснай рэакцыяй Крамлю на падзеі ў Татарстане можа быць заява старшыні заканадаўчага сходу Ўльянаўскай вобласьці Сяргея Рабухіна. Сёньня ён заявіў, што трэба перагледзець адносіны фэдэральнага цэнтру з рэгіёнамі. На думку Рабухіна, "не павінна быць ніякіх асаблівых адносінаў зь нейкімі рэспублікамі. Бо ёсьць адзіная для усіх Кастытуцыя і адзіныя законы". Сяргей Рабухін лічыць, што трэба прыняць спэцыяльны закон, які скасуе дадатковыя паўнамоцтвы шэрагу рэгіёнаў. Зразумела, што маюцца на ўвазе перш за ўсе Татарстан і Башкартастан, якія такімі паўнамоцтвамі валодаюць.
Крытычная рэакцыя федэральнага цэнтру на захады Татарстану тым больш відавочная, што і Ўладзімер Пуцін ужо праявіў сябе як прыхільнік меншае самастойнасьці рэгіёнаў. Ён, у прыватнасьці, ужо выказваў ідэю прызначэньня а не Ўсенароднага абраньня кіраўнікоў суб'ектаў федэрацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG