(эфір 28 лютага)
Ці будуць беларусы аднаўляць разбураную Чачню? Што стаіць за ініцыятываю афіцыйнага Менску накіраваць туды брыгады будаўнікоў? Ініцыятыва накіраваць беларускіх будаўнікоў дзеля аднаўленьня разбураных аб'ектаў ў Чачні, на першы погляд, выглядае вельмі дзіўна. І нават не таму, што Лукашэнка шмат разоў казаў пра тое, што беларускіх хлопцаў там ніколі ня будзе. Справа ў іншым – толькі што афіцыйныя ўлады ў Менску вымушаныя былі прызнаць, што будаўнічыя пляны, асабліва жыльля, за мінулы год у краіне цалкам праваленыя. Лукашэнка, як звычайна, строга папярэдзіў кіраўнікоў галіны й паабяцаў электарату павялічыць тэмпы будаўніцтва. Што ж вымушае яго цяпер зьмяніць пляны? Адказ кароткі й просты – адсутнасьць грошай, якія цяпер патрэбныя, бадай, як ніколі. Пад час нядаўняга візыту ў Менск першага віцэ-прэм'ера расейскага ўраду Міхала Касьянава яго прасілі даць для Беларусі стабілізацыйны крэдыт памерам 100 мільёнаў даляраў. Касьянаў адмовіў, спаслаўшыся на тое, што вайна ў Чачні каштуе Расеі вельмі дорага. Тады й нарадзілася ідэя сваеасаблівага абмену – Беларусь пастаўляе ў Чачню будаўнікоў і будаўнічыя матэрыялы, а Масква ўзамен дае крэдыт. Дзеля дэталёвае распрацоўкі праекту ў суботу, 26 лютага, у Менск павінны быў прыбыць у рамках рабочае паездкі паўнамоцны прадстаўнік расейскага ўраду ў Чачні Мікалай Кошман. Але яго так і не дачакаліся. Паводле некаторых крыніцаў, спадар Кошман у гэты дзень быў заняты больш важнымі справамі – ён прапанаваў перанесьці сустрэчу на 3 сакавіка, і беларускі бок вымушаны быў пагадзіцца. Ёсьць дамоўленасьць, што зь ім сустрэнецца выканальнік абавязкаў старшыні ўраду Беларусі Ўладзімер Ярмошын. Між тым, кожны разумее ўсю небясьпеку працы ў Чачні. І ня толькі таму, што там рэгулярна зьнікалі людзі, у тым ліку й будаўнікі. Існуе рэальная рызыка пад час будаўнічых работ падарвацца на незаўважаных мінах, "падхапіць" халеру, якая дарэчы, буяла ў Чачні пасьля першае вайны; выпадкова стаць ахвяраю партызанскіх дзеяньняў… Але гэта, падобна, не палохае беларускіх кіраўнікоў. Галоўнае – атрымаць крэдыт.