Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 лютага 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

28 лютага Міністэрства юстыцыі Беларусі выдала рэгістрацыйнае пасьведчаньне за № 18 Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі – БНФ, скарочаная назва – "Партыя БНФ". Такім чынам, "Партыя БНФ" пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка першая зь дзьвюх частак расколатага Фронту прайшла афіцыйную перарэгістрацыю, і цяпер менавіта сябе называе законнай пераемніцаю Беларускага Народнага Фронту.

Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі лідэры партыі БНФ пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка распавядалі пра вынікі апошняга Соймy й бліжэйшыя палітычныя пляны. Галоўнай навіною для нешматлікіх журналістаў – а акрамя вашага карэспандэнта, прысутнічаў толькі журналіст агэнцыі "БелаПАН" – стала паведамленьне пра афіцыйную рэгістрацыю Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі – БНФ. Менавіта такая поўная назва зафіксаваная ў Статуце і ў пасьведчаньні Міністэрства юстыцыі. Скарочаная назва – "Партыя БНФ", і на гэта зьвярнуў асаблівую ўвагу журналістаў адказны сакратар управы Сойму Анатоль Крыварот. Ён падкрэсьліў, што ў спрэчцы вакол назвы партыі пастаўленая юрыдычная кропка й грамадзяне, якія будуць безпадстаўна выкарыстоўваць назву "Партыя БНФ", павінны несьці за гэта адказнасьць. Такіх людзей Крыварот назваў самазванцамі.

"Партыя БНФ" пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка, якая зараз, паводле намесьніка старшыні Сяргея Папкова, налічвае звыш паўтары тысячы сябраў, асноўнай сваёй задачаю бачыць правядзеньне сэрыі акцыяў пад агульным назовам "Беларуская салідарнасьць". Бліжэйшая масавая вулічная акцыя – гэта "Дзень Волі – 25 сакавіка".

Варта адзначыць, што "Партыя БНФ" ня ўдзельнічае ў падрыхтоўцы "Маршу Свабоды" і ўвогуле выказала даволі нэгатыўнае стаўленьне да гэтай ідэі. Ці не зьмянілася яно за апошнія дні? Вось што адказаў на гэтае маё пытаньне Анатоль Крыварот…

(Крыварот: ) "Нашае меркаваньне наконт правядзеньня Марша Свабоды-2 не памянялася. Калі браць палітычна, дык гэтая акцыя перашкодзіць акцыі 25 сакавіка, калі браць псыхалягічны аспэкт, дык зразумела – пасьля акцыі могуць быць пасадкі, рэпрэсіі, і на першы плян будуць выходзіць суды, а не падрыхтоўка да акцыі 25 сакавіка, якая зьяўляецца для нас найгалоўнейшай. І арганізацыйна, калі нехта кажа, што мы будзем праводзіць і 15 і 25 сакавіка, цяжка падрыхтаваць на працягу 10 дзён дзьве магутныя акцыі. Відаць, людзі, якія праводзяць акцыю 15 сакавіка, адносяцца вельмі нэўтральна (будзем казаць мякка) да незалежнасьці Беларусі і да таго вялікага сьвята, якое будзе 25 сакавіка".

Гаварыў адказны сакратар управы Сойму "Партыі БНФ" Анатоль Крыварот. Увогуле, БНФ пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка мае сваю, часам найбольш радыкальную пазыцыю ў многіх палітычных пытаньнях. 1 сакавіка паводле загаду Аляксандра Лукашэнкі павінен пачацца гэтак званы "шырокі дыялёг улады з грамадзствам". Стаўленьне БНФ да гэтай ідэі акрэсьліў намесьнік старшыні Сяргей Папкоў…

(Папкоў: ) "Мы лічым, што раскручваньне ідэі выбараў у палату, ёсьць прыкрыцьцё працы па прадаўжэньні і завяршэньні акупацыі Беларусі Расеяй. Гэта вельмі важна зразумець, і ўсе нашыя дзеяньні будуць накіраваныя на тое, каб не дапусьціць гэтай акупацыі. Мы ня будзем траціць час на пустыя акцыі, якія завуалёўваюць асноўнае – дыялёг, падрыхтоўка псэўдавыбараў… Проста людзей інфармацыйна ўводзяць зусім убок ад асноўнай небясьпекі – магчымай стратай Беларусьсю незалежнасьці".

Гаварыў Сяргей Папкоў. Зрэшты, у працы Кансультатыўнае рады апазыцыйных палітычных партыяў БНФ пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка пакуль што бярэ ўдзел. Сёньня на чарговым паседжаньні Рады cтаршыняваў намесьнік кіраўніка партыі Юрась Беленькі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG