Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 лютага 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Грамадзянам Беларусі ў самы бліжэйшы час будуць прапанаваныя для набыцьця валютныя аблігацыі. Пра гэта было заяўлена сёньня ў Нацыянальным банку. Ня выключана, што ўлады краіны разьлічваюць такім чынам вырашыць вострую праблему валютнага дэфіцыту.

Паводле афіцыйнае вэрсіі, ідэя валютных аблігацыяў для насельніцтва нарадзілася такім чынам.

У Нацыянальны банк пачалі зьвяртацца жыхары Беларусі. Як паведаміў на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі дырэктар дэпартамэнту каштоўных папераў гэтае ўстановы Пётар Мамановіч, грамадзяне мелі да Нацыянальнага банку просьбы выгадна разьмясьціць тут свае валютныя назапашваньні. У адказ атачэньне Пятра Пракаповіча спынілася на ідэі валютных аблігацыяў дзеля фізычных асобаў.

Ужо ў сакавіку, паводле словаў Мамановіча, пачнецца ейная рэалізацыя. Грамадзянам будзе прапанавана абмяняць свае грошы на каштоўныя паперы Нацыянальнага банку. Усяго мяркуецца прапанаваць насельніцтву 10 тысячаў аблігацыяў вартасьцю 100 даляраў кожная. Разам яны складуць адзін мільён даляраў. Прычым, паводле словаў прамоўцы, Нацыянальны банк адным выпускам сваіх папераў не абмяжуецца. Як паведаміў дырэктар ягонага дэпартамэнту, плянуецца выпусьціць іх у 10 разоў больш. Камэнтуючы для нашага радыё ўмовы разьмяшчэньня, Пётар Мамановіч адзначыў, што аблігацыі будуць даступныя самым шырокім пластам насельніцтва, у тым ліку жыхарам беларускае глыбінкі.

З тлумачэння Пятра Мамановіча вынікае, што за набытыя аблігацыі грамадзянам будзе прапанаваны даход – 6 адсоткаў гадавых.

Як прагучэла на прэсавай канфэрэнцыі, два тыдні таму ідэя была адобраная Аляксандрам Лукашэнкам. Па-першае, ён распарадзіўся не абкладаць падаткамі даходы насельніцтва, якія, як мяркуецца, яно атрымае пасьля пагашэньня аблігацыяў. Па-другое, Лукашэнка падпісаў дакумэнт, якім скасаваў неабходнасьць дэкляраваньня грамадзянамі зьвестак пра крыніцы набыцьця валюты, якая будзе скіраваная на набыцьцё аблігацыяў.

На якія мэты мяркуецца выкарыстаць валютныя сродкі, набытыя ў грамадзянаў за аблігацыі? Пётар Мамановіч на гэтае пытаньне нашага радыё заявіў, што разсакрэчваць такія зьвесткі ён ня ўпаўнаважаны.

Зрэшты, выкарыстаньню дзяржавае валюты павінна папярэднічаць пасьпяховая рэалізацыя ідэі. Відавочна, сам Нацыянальны банк спадзяецца, што жыхары Беларусі навыперадкі кінуцца набываць аблігацыі. Між тым, у сапраўднасьці да такога аптымізму няма падставаў. Адная аблігацыя за год можа прынесьці ўсяго 6 даляраў даходу. Гэтага мала, каб рызыкаваць 100-даляравай купюраю.

З другога боку, банкаўская сыстэма Беларусі ўжо не адзін год спрабуе заахвоціць насельніцтва рабіць валютныя ўклады. Аднак безпасьпяхова. Статыстыка такіх укладаў сьведчыць пра іхныя мізэрныя памеры. Нашы суайчыннікі ня вераць у валютныя гарантыі цяперашніх уладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG