Бліжэшымі днямі ў Кіеў павінен прыехаць прэзыдэнт Парлямэнцкае Асамблеі Рады Эўропы лорд Расэл Джонстан. Мэта візыту – перамовы з прэзыдэнтам Украіны Леанідам Кучмам наконт правамоцнасьці рэфэрэндуму, які адбудзецца 16 красавіка. Апошнім часам сытуацыя вакол парлямэнцкае крызы й будучага плебісцыту нагадвае падзеі напярэдадні гэтак званага "канстытуцыйнага рэфэрэндуму" ў Беларусі ў 1996 годзе. Дырэктар украінскае праваабарончае арганізацыі "Гэльсынкі–90" Аўген Дзікі быў міжнародным аглядальнікам пад час лукашэнкавага плебісцыту. Сёньня ён гаворыць пра эскпарт тэхналёгіяў… (Дзікі: ) "Калі надрукавалі пытаньні нашага рэфэрэндуму 16 красавіка, у мяне было ўражаньне дэ-жавю. Дзесьці я гэта ўжо бачыў… Усе пытаньні нашага рэфэрэндуму літаральна сьпісаныя зь беларускага рэфэрэндуму 1996 году. Адпаведныя і ўражаньні. Парлямэнцкая крыза справакаваная неабходнасьцю правядзеньня рэфэрэндуму. Мы паўторым ваш шлях з розьніцаю на 4 гады. А цяпер мы можам страціць бадай што самы галоўны набытак дэмакратыі – Канстытуцыю 95-га году. Калі рэфэрэндум пройдзе ў тым выглядзе, як гэта сёньня плянуецца, то Канстытуцыя стане лухтою, кшталту савецкай Канстытуцыі: усе яе ведалі, усе яе чыталі, але ніхто не выконваў". (Карэспандэнт: ) "Спадар Дзікі, на ваш погляд, наколькі сёньня можна праводзіць паралелі паміж дзеяньнямі адміністрыці ўкраінскага прэзыдэнта і ўладаў Беларусі ў 1996 годзе?" (Дзікі: ) "Мне падаецца, што ня толькі можна, але й неабходна. Мне ня верыцца ў тое, што нашая прэзыдэнцкая адміністрацыя, ведаючы пра падзеі ў Беларусі, сама прыдумала тую ж самую тэхналёгію. Мне здаецца, што нашыя чыноўнікі пільна сачылі за падзеямі ў Беларусі. І калі пабачылі, што гэтая схэма спрацавала эфэктыўна, то вырашылі выкарыстаць менавіта яе. Гэта абсалютна тая ж самая схэма. І Кучма дамагаецца такога ж аб'ёму ўлады. Толькі што ён ня мае такіх страшэнных геапалітычных амбіцыяў за межамі сваей краіны. Вось і ўся розьніца. А прынцыпы й тэхналёгія тыя самыя. І маральны й праўны бок той жа самы". (Карэспандэнт: ) "Скажыце, якую ролю ва ўрэгуляваньні сытуацыі можа адыграць эўрапейская супольнасьць?" (Дзікі: ) "Уся надзея на Раду Эўропы. Глава Парлямэнцкае ассамблеі Расэл Джонстан ужо зьвярнуўся да празыдэнта Кучмы. Прычым зварот быў вытрыманы ў тым сэнсе, што (цытую) "зьмены ў Канстытуцыі, якія будуць прыняты шляхам, які супярэчыць законам, ня будуць прызнаныя". Джонстан фактычна просіць устрымацца ад правядзеньня рэфэрэндуму. У інтэрвію прэсе ён праводзіць паралелі зь Беларусьсю. І кажа, што ў нас абсалютна той самы варыянт і ня выключана тая самая рэакцыя Рады Эўропы, як была на беларускі рэфэрэндум. Бліжэйшымі днямі ў Кіеве чакаецца прыезд Расэла Джонстана. Няма сумневу, што ён будзе мець сустрэчу зь Леанідам Кучмам. Украінскі прэзыдэнт не зьбіраецца сварыцца з Эўропаю па прыкладу Аляксандра Лукашэнкі. Ня выключана, што яны дасягнуць кампрамісу. Рэфэрэндум адбудзецца, але ў вапошні момант яго перайменуюць. Ён будзе лічыцца апытаньнем грамадзкае думкі. Дарэчы такі варянт таксама разглядаўся напярэдадні беларускага рэфэрэндуму. А пасьля на падставе вынікаў гэтага апытаньня праз парлямэнт будуць зацьверджаныя патрэбныя рашэньні". З дырэктарам украінскае праваабарончае арганізацыі «Гэльсынкі–90» Аўгенам Дзікім гутарыў
Ягор Маёрчык, Менск