Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 лютага 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

У Менскім гарадзкім выканаўчым камітэце абмяркоўвалася сытуацыя, што склалася на "Камароўскім рынку". Пляны рэканструкцыі "Камароўкі", як вядома, выклікалі пратэст прыватных прадпрымальнікаў.

Камароўскіх гандляроў прадстаўлялі на перамовах у гарадзкім выканаўчым камітэце лідэры прафэсійных саюзу прыватных прадпрымальнікаў Менску й Менскае вобласьці "Садружнасьць" Кацярына Навумовіч і Мая Сінайская. Паводле словаў спадарыні Навумовіч, сёньняшні дыялёг распачаўся наступным чынам:

(Навумовіч: ) "Адразу нам было ледзь не ва ўльтыматыўнай форме заяўлена, што гарадзкі выканаўчы камітэт са сваёй пазыцыі не саступіць. Што ўказаньні пра пачатак рамонту "Камароўкі" зь 1 сакавіка ўжо дадзеныя. У адказ мы заявілі: тады гэтая сустрэча ня мае сэнсу. Але потым пачалі разам шукаць кампраміс. Дырэктар "Камароўкі" прынёс дакумэнт пра аварыйны стан дахаў. Ён заявіў, што ў выпадку аварыі яму пагражае крымінальная адказнасьць. Мы пагадзіліся, што рамантаваць варта. Але пасьля таго, як будуць працаўладкаваныя людзі. І такі працэс ня можа адбыцца за тыдзень", – паведаміла Кацярына Навумовіч.

Паводле ейных словаў, бакі пагадзіліся, што пачынаць рамантаваць "Камароўку" можна не раней як 15 красавіка. Да гэтае даты трэба працаўладкаваць дзевяцьсот гандляроў. Як самастойна, гэтак і з дапамогаю гарадзкога выканаўчага камітэту.

Пытаньне, аднак, у тым – ці магчыма гэта? Пэўнага адказу на яго бакі, здаецца, ня маюць. У прыватнасьці, прафсаюзныя лідэры Навумовіч і Сінайская ў рэалістычнасьці такіх плянаў ня ўпэўненыя.

Ня выключана, што без сур'ёзнага аналізу заключылі такія дамоўленасьці й гарадзкія ўлады. Як лічаць назіральнікі, ім важна прыглушыць канфлікт. У гарадзкім выканаўчым камітэце цяпер, пасьля кар'ернага ўзьлёту Ўладзімера Ярмошына, няпэўная кадравая сытуацыя. Рэч у тым, што, паводле неафіцыйных зьвестак, ініцыятыва рэканстукцыі "Камароўкі" зыходзіла якраз ад цяпер ужо былога кіраўніка гарадзкой адміністрацыі. А новага старшыню выканаўчага камітэту Лукашэнка яшчэ не прызначыў. Выглядае, што чыноўнікі вырашылі дачакацца яснасьці ў гэтым пытаньні.

Зрэшты, сёньняшнія дамоўленасьці могуць быць парушаныя ўжо ў бліжэйшую сераду. 23 лютага на "Камароўцы" мае адбыцца чарговы сход прыватных прадпрымальнікаў. Гандляры павінны вызначыцца: змагацца за свае працоўныя месцы на "Камароўцы" або шукаць новыя рынкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG