Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 лютага 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

Нямеччына вымушаная паволі разьвітвацца са сваей сацыялістычнай гаспадаркай – менавіта так камэнтуюць сусьветныя сродкі масавай інфармацыі апошнія дзеяньні сацыял-дэмакратычнага ўраду Нямеччыны пад кіраўніцтвам Гэрхарда Шродэра.

Амэрыканская газэта "New York Times" у сваім камэнтары на гэтую тэму піша, што падобныя дзеяньні з боку ўраду Гэрхарда Шродэра чакаліся даўно. Новае заканадаўства значна зьнізіць падаткі для буйных карпарацыяў, а таксама дазволіць нямецкім кампаніям больш актыўна дзейнічаць на міжнародных рынках. Асабліва гэта датычыць нямецкіх банкаў і страхавых кампаніяў, у якіх значна падвысіцца канкурэнцыйнасць на міжнародных фінансавых рынках.

Раней пры падпісаньні так званых холдынгавых зьдзелак яны вымушаныя былі амаль 60% свайго прыбытку аддаваць дзяржаве. Паводле ж новага закону гэты падатак скасоўваецца зусім.

"New York Times" піша, што новае заканадаўства сымбалізуе сабой адыход Нямеччыны ад гаспадаркі, пабудаванай на "сацыяльным рынку", да гаспадаркі, якая будзе абапірацца на "сапраўдны вольны рынак".

Паводле праекту новага закону, які яшчэ павінен быць зацьверджаны парлямэнтам, падаткі для карпарацыяў зьніжаюцца амаль удвая: з цяперашніх 40% да 25%. Асабістыя падаткі грамадзянаў таксама паступова на працягу некалькіх гадоў павінны зьнізіцца прыблізна на 10%. З узроўню 24% для тых, хто зарабляе найменш, да ўзроўню 15%, і з 53% да 45% – для тых, хто зарабляе найбольш.

Гэтая рэформа пройдзе ў той час, калі шмат хто ў Нямеччыне гаворыць пра пачатак новай эры нямецкай гісторыі. Сымбалям заканчэньня адпаведнага пэрыяду гісторыі мясцовыя камэнтатары лічаць скандал з фінансаваньнем хрысьціянскіх дэмакратаў, партыі, якая кіравала краінай з кароткімі перапынкамі на працягу амаль усяго пасьляваеннага пэрыяду. Расчараваньне ў нямецкім грамадзтве партыяй былога канцлера Гельмута Коля нагэтулькі моцнае, што мала верагодна, каб хрысьціянскія дэмакраты змаглі адбудаваць свой імідж добрых гаспадароў на працягу наступнага дзясяцігодзьдзя.

Цяперашнюю слабасьць хрысьціянскіх дэмакратаў якраз і намагаецца выкарыстаць канцлер Гэрхард Шродэр. Сваю перадвыбарчую праграму 18 месяцаў таму ён пабудаваў на лёзунге "ліквідацыі дзяржавы-апякункі". І вось цяпер ён прыступіў да яе ажыцьцяўленьня. Калі парлямэнт зацьвердзіць новы закон, а гэта амаль пэўна, дык да 2005 году паступленьні ў дзяржаўны бюджэт Нямеччыны скароцяцца на 22 млрд. даляраў. А гэта выкліча рост дэфіцыту дзяржаўнага бюджэту, выразнае скарачэньне выдаткаў дзяржавы на сацыяльныя патрэбы насельніцтва. А гэта можа выклікаць шырокае незадавальненьне ў грамадзтве.

Прадстаўнікі дробнага бізнесу і некаторых нямецкіх фэдэрацыйных земляў ужо выступілі супраць новага закону. На іх думку, ён фаварызуе вялікія карпарацыі, страхавыя кампаніі і банкі.

Прадстаўнікі прафсаюзаў таксама выказалі сваю заклапочанасьць у сувязі з тым, што цяпер страхавыя кампаніі і банкі ня будуць ратаваць слабыя прадпрыемствы, будуць дазваляць іх банкруцтва. А гэта, ў сваю чаргу, можа спрыяць падвышэньню і так вельмі высокага ўзроўню беспрацоў'я.

Але канцлер Шродэр упэўнены, што толькі такім чынам можна ажывіць нямецкую гаспадарку, якая ўжо даволі доўга знаходзіцца ў застоі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG