Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 лютага 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Паклёпам назваў Міхал Чыгір нядаўнія заявы Гэнеральнага пракурора Беларусі Алега Бажэлкі адносна сувязі справы Чыгіра са справаю беларускага прадпрымальніка Аляксандра Пупейкі, які знайшоў палітычны прытулак у Польшчы. Міхал Чыгір адверг гэтую сувязь, як і тое, што ягоны дом будавала фірма Пупейкі.

Міхал Чыгір абураны дзеяньнямі кіраўнікоў пракуратуры Беларусі, якія, на ягоную думку, займаюцца паклёпніцтвам і парушаюць ягоныя правы на абарону. Гэтак былы прэм'ер ацаніў выказваньні гэнеральнага пракурора Алега Бажэлкі, а таксама прэсавага сакратара пракуратуры Аляксея Таранава. Апошні, на думку Чыгіра, выступіў у дзяржаўным друку з пазыцыяў, быццам Чыгір ужо прызнаны судом злачынцам.

Экс-прэм'ер і ягоныя адвакаты на сёньняшнім паседжаньні заклікалі суд адрэагаваць на гэтыя заявы, бо яны аказваюць ціск на суд і парушаюць правы падсуднага. Аднак судовая калегія гэтае хадайніцтва адхіліла. Судзьдзя Васілевіч абмежаваўся абяцаньнямі, што суд будзе рэагаваць на спробы ціску, але без падказкі звонку.

Пасля слуханьняў Міхал Чыгір пракамэнтаваў для прэсы заявы генпракурора Бажэлкі пра новае расьледваньне супраць яго і асабліва пра катэдж пад Менскам, які, паводле пракуратуры, пабудавала для Чыгіра фірма Аляксандра Пупейкі. Міхал Чыгір абураўся:

(Чыгір: ) "Пракуратура, як ні дзіўна, ніводнага разу ня вымавіла праўду, ніводнага. Тое, што яны спрабуюць нейкім чынам зьвязаць маю справу з Пупейкам, дык яны проста кажуць, што думаюць…"

(Карэспандэнт: ) "Што наконт таго, што ваш катэдж пабудавала фірма "Пушэ?"

(Чыгір: ) "Гэта ня так. Будавала фірма Клімава, але фінансаваньне ішло праз фірму "Пушэ", таму што быў агульны дагавор падраду "Пушэ" і фірмы Клімава. Усе працэнтоўкі, якія фірма Клімава прадяўляла "Пушэ", я ўносіў у касу "Пушэ". Яна была як бы пасярэднікам, так было лягчэй для мяне. Мне ня трэба было займацца кожны дзень будматэрыяламі".

Што тычыцца нядаўніх заяваў Алега Бажэлкі пра тое, што ў Аўстрыі знойдзены грашовы рахунак, а ў Нямеччыне – дом, якія належаць сям'і Пупейкі, то былы прэм'ер гэтым зьвесткам не зьдзівіўся: "Пупейка быў вельмі ўдалым бізнэцоўцам, і ня дзіва, што ён не такі бедны, як хацелася б нашай пракуратуры", – сказаў Міхал Чыгір і ўзгадаў 1995 год, калі фірма "Пушэ", якая належала Пупейку, толькі падаткаў заплаціла ў бюджэт 10 мільёнаў даляраў. "Гэтыя зьвесткі я атрымаў, працуючы прэм'ерам, калі пацікавіўся, якія фірмы плацяць найбольш падаткаў", – патлумачыў сваю кампэтэнтавсьць Міхал Чыгір.

Між тым, ён рашуча адверг сувязь паміж сваёй справаю і справаю Пупейкі, які схаваўся ад перасьледу беларускіх уладаў у Польшчы.

Сёньняшнія слуханьні ў справе экс-прэм'ера былі перанесеныя на заўтра з прычыны працягу хваробы адвакаткі Юліі Чыгір. Чаму не да таго дня, калі жонка былога старшыні ўраду паправіцца – на гэтае пытаньне можа адказаць толькі судзьдзя Васілевіч. Сёньня ён фактычна выказаў недавер зьвесткам пра хваробу адвакаткі, спаслаўшыся на тое, што дагэтуль ня мае адпаведнае даведкі. Міхал Чыгір сьцьвярджае, што днём раней прыносіў у суд усе неабходныя паперы. Тое самае ён потым паўтарыў журналістам…

(Чыгір: ) "Мы сустракаліся зь ім учора, і ўсе неабходныя копіі дакумэнтаў, якія ёсьць на руках у маёй жонкі, гэта – кардыяграма, дакумэнт, якія пацьвярджае, які яна мае ціск на сёньняшні дзень, а таксама даведка, што яна захварэла на грып, усё гэта ў судзе ёсьць.
Таму для мяне сёньняшняя заява была нечаканаю, я не зразумеў да канца, адкуль яна наогул зьявілася, бо ўсе дакумэнты ў яго ёсьць. Калі там згубілася адна з даведак, дык я яе давязу сёньня ж".

Такім чынам, слуханьні адновяцца заўтра, але, хутчэй за ўсё, толькі дзеля таго, каб судзьдзя зафіксаваў факт хваробы Юліі Чыгір і зноў абвясьціў перапынак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG