Сталае прадстаўніцтва ЗША пры АБСЭ накіравала кіраўніцтву гэтай арганізацыі заяву ў справе нядаўна прынятага "Нацыянальным Сходам" Беларусі выбарчага кодэксу. Галоўныя высновы гэтай заявы абапіраюцца на аналізе экспэртаў Інстытута дэмакратыі і правоў чалавека, спэцыяльнай аналітычнай установы, створанай пры АБСЭ. Мы атрымалі магчымасьць пазнаёміць вас з поўным тэкстам гэтай заявы: Заява сталага прадстаўніцтва ЗША пры АБСЭ Спадарыня старшыня, Мы вымушаныя выказаць свой глыбокі жаль з нагоды прыняцьця Нацыянальным Сходам Беларусі 24 студзеня неадпаведнага выбарчага закону. Аналіз гэтага закону, праведзены экспэртамі Інстытута дэмакратыі і правоў чалавека, сьведчыць, што гэта – дрэнна падрыхтаваны, непаслядоўны і ў некаторых аспэктах антыканстутыцыйны дакумэнт. Інстытут дэмакратыі і правоў чалавека лічыць, што ён не садзейнічае шматпартыйнаму прадстаўніцтву ў выбарчых камісіях. Замест гэтага ён гарантуе ўладам поўны кантроль. Ен не гарантуе таксама пераемнасьці ў працы выбарчых камісіяў і не стварае адзінай формы апэляцыі дзеля праверкі працы выбарчых камісіяў. Інстытут дэмакратыі і правоў чалавека сьцьвярджае, што праект закону занадта рэгулюе перадвыбарчую дзейнасць да такой ступені, што перашкаджае вельмі актыўнай і энэргічнай кампаніі і абмяжоўвае права свабоды слова і выказваньняў. Усё гэта супярэчыць прынцыпам свабоды выказваньняў, якія зафіксаваныя ў Гэльсынскіх пагадненьнях. Больш за тое, умовы для кандыдатаў у справе рэгістрацыі нерэалістычныя, і не дазваляюць легітымным кандыдатам удзельнічаць у выбарах. Падсумоўваючы Інстытут дэмакратыі і правоў чалавека сьцьвярджае, што праект закону не адпавядае прынцыпам АБСЭ, асабліва тым, якія зафіксаваныя ў Капэнгагенскай Дэклярацыі 1990 году. Спадарыня старшыня, мы прыгадваем, што распрацоўка новага выбарчага закону павінна была стаць адной з тэмаў перамоваў паміж урадам і апазыцыяй пры пасярэдніцтве моніторынгавай групы АБСЭ. Нацыянальны Сход сваімі дзеяньнямі праігнараваў пункт гледжаньня легітымнага Вярхоўнага Савету 13 скліканьня і іншых апазыцыйных сілаў Беларусі. Ён таксама цалкам праігнараваў высілкі АБСЭ ў галіне дыялёгу. Выбарчы закон, які не вынікае з дыялёгу і не адпавядае нормам АБСЭ, можа стварыць умовы для фальсыфікацыі выбараў, якія міжнародная супольнасьць ня зможа прызнаць. Мы глыбока перакананыя, што ня можа быць іншага выхаду з гэтага крызысу палітычнай легітымнасьці, акрамя дэмакратычных выбараў, якія б маглі прызнаць усе бакі. Такім чынам, пыняцьце "Нацыянальным Сходам" выбарчага закону сымбалізуе сабой выразны крок назад і яшчэ больш паглыбляе міжнародную ізаляцыю Беларусі. Мы моцна настойваем, каб урад Беларусі вярнуўся да дыялёгу з апазыцыяй, каб у выніку перамоваў быў распрацаваны і праведзены ў жыцьце новы выбарчы закон, які б адпавядаў міжнародным стандартам і абавязальніцтвам Беларусі ў рамках Капэнгагенскай Дэклярацыі. 3 лютага, Вэна
Самае папулярнае
1