Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лютага 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Прадпрымальнікі, што гандлююць на буйных кірмашах Берасьця, сёньня далучыліся да агульнарэспубліканскай акцыі пратэсту сваіх калегаў…

На працягу ўсяго ўчорашняга дня прадстаўнікі мясцовай улады спрабавалі пераканаць гандляроў, што ім ня варта ўжываць скрайнія захады і распачынаць страйк. Але пра марнасьць гэтых спробаў сьведчыла тое, што напрыканцы працоўнага дня тыя з прадпрымальнікаў, што гандлююць садавінай, пачалі, так бы мовіць, дабрачынную акцыю раздачы ўсім жадаючым непрададзеныя тавары, бо 1 лютага яны не зьбіраліся займаць сваіх месцаў на кірмашах.

Сёньня а 10 гадзіне раніцы прадпрымальнікі з усяго места сабраліся на сход на рэчавым кірмашы, што месьціцца ля цэнтральнага ўнівэрмагу. Тут іх чакаў узмоцнены нарад міліцыі. Актывіст Свабоднага прфсаюзу Беларускага Ўладзімер Малей зачытаў прысутным рэзалюцыю, што была прынятая 31 студзеня на мітынгу ў Менску і заклікаў прадпрымальнікаў прагаласаваць. Гандляры аднагалосна падтрымалі тэкст згаданае рэзалюцыі. Пасьля гэтага спадар Малей паспрабаваў пакінуць тэрыторыю кірмашу, але яго спыніў міліцыянт у цывільным, які паказаў пасьведчаньне і запрасіў сябра Незалежнага прафсаюзу ў міліцэйскі аўтобус. Спадар Малей адмовіўся выканаць патрабаваньне міліцыянта і вярнуўся на месца сходу. Ён паведаміў прадпрымальнікам, што міліцыянты спрабуюць яго затрымаць, як гэта было ўжо ў леташнім верасьні, калі берасьцейскія гандляры таксама страйкавалі. Дарэчы, судовая пастанова ў той справе так і не была прынятая, бо сьведкі з боку міліцыі блыталіся ў свах сьведчаньнях. Прадпрымальнікі былі абураныя дзеяньнямі праваахоўных ворганаў і заклікалі міліцыянтаў спыніць перасьлед актывіста Незалежнага прафсаюзу. Паколькі ў гэты час на кірмашы знаходзіліся журналісты некаторых берасьцейскіх выданьняў і працавала здымачная група тэлебачаньня – міліцыянты не адважыліся праводзіць затрыманьня. Але ня выключана, што пазьней Уладзімер Малей можа быць прыцягнуты да адказнасьці за парушэньне сумнавядомага закону "Аб арганізацыі вулічных шэсьцяў, мітынгаў, дэманстрацыяў і пікетаваньняў".

Што ж да прадпрымальнікаў, то яны сёньня ізноў заявілі пра тое, што спыняць страйк толькі пасьля таго, як на дзяржаўным узроўні будуць прынятыя дакуманты, якія ўлічваюць іхныя патрабаваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG