Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 студзеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ад імя групы апазыцыйных палітыкаў, якія бралі ўдзел у савецка-аўганскай вайне, у Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт пададзеная заяўка на правядзеньне 15 лютага ў сталіцы мітынгу, прысьвечанага 11-й гадавіне вываду савецкіх войскаў з Аўганістану. "Аўганцы"-апазыцыянэры заяўляюць, што іхная акцыя будзе пратэстам супраць рэальнае небясьпекі ўдзелу беларусаў у лякальных ваенных канфліктах.

Рашэньне наконт правядзеньня гэтага мітынгу на "Высьпе Сьлёзаў", каля помніку ахвярам савецка-аўганскае вайны, было прынятае Каардынацыйнай радаю дэмакратычных сілаў.

Апазыцыянэры лічаць, што ўцягваньне беларускіх вайскоўцаў у чачэнскую, ці іншую падобную вайну пасьля ўтварэньня хаўрусу з Расеяй стала зусім рэальным. Таму правядзеньне антываеннай акцыі менавіта ў гадавіну заканчэньня савецка-аўганскае вайны, на іхную думку, вельмі сваечасовае.

Як паведаміў нашаму радыё былы камандзір армейскага спэцназу, палкоўнік-"аўганец" Уладзімер Барадач, які падаваў сёньня заяўку ў гарадзкі выканаўчы камітэт, арганізатары акцыі не ставяць за мэту сабраць 15 лютага шматтысячны мітынг. На думку спадара Барадача, "Выспа Сьлёзаў" – ня тое месца, дзе трэба зьбіраць вялікія тлумы людзей.

"Мы проста хочам зьвярнуцца да нашых сяброў, зь якімі разам былі ў Аўганістане, і якія ў гэты дзень прыйдуць да помніка ўшанаваць памяць палеглых, каб разам супрацьстаяць памкненьням уладаў уцягнуць Беларусь у небясьпечныя міждзяржаўныя хаўрусы", – паведаміў палкоўнік Барадач.

Кіраўніцтва афіцыйных арганізацыяў вэтэранаў савецка-аўганскае вайны, паводле словаў Уладзімера, атрымала цёплыя месцы ў структурах улады й ня робяць нічога, каб стрымаць аб'яднаньне Беларусі й Расеі, якое ўрэшце можа прывесьці да таго, што беларускія хлопцы зноў пойдуць ваяваць за чужыя інтарэсы. Таму араганізатары апазыцыйнай акцыі вырашылі шукаць падтрымкі непасрэдна ў былых салдатаў, якія не займаюць высокіх пасадаў у вэтэранскіх арганізацыях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG