Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 студзеня 2000 г.


Вольга Караткевіч, Прага

На вайну ў Чачні Расея патраціла грошай ўдвая больш, чым гэта было заплянавана ў летась – паведамляе афіцыйная Масква. Агенцтва "Интерфакс" называе лічбу чалавечых стратаў у мінулыя выходныя: 30 расейскіх вайскоўцаў забітыя, 70 – параненыя. Для кантрасту, афіцыйная статыстыка: 7 забітых і 50 параненых. Агульная афіцыйная лічба забітых – каля тысячы расейскіх жаўнераў. Незалежныя крыніцы прадстаўляюць іншыя лічбы. Часам, у 10 разоў большыя. "Расея пачала мірыцца з коштамі чачэнскай вайны" – так камэнтуе цяперашнюю стадыю вайсковых дзеяньняў Расейскае Фэдэрацыі супраць Ічкерыі аглядальнік газэты "International Herald Tribune".

Першы намесьнік прэм'ер-міністра і міністар фінансаў Расеі Нікалай Касьянаў прызнаў, што кошты на вядзеньне чачэнскай вайны падвышаюцца. Ён заявіў, што ў апошнія месяцы ўрад плянаваў выдзеліць каля 130 мільёнаў даляраў ЗША на апэрацыю ў Чачні, а патраціў 180 мільёнаў даляраў. Прадстаўнік расейскага ўраду ў Чачні Нікалай Кошман паведаміў, што на адбудову сталіцы Чачні Грознага спатрэбіцца 1 мільярд даляраў ЗША.

Тым часам, расейская гарматніца не прыпыняе бамбаваньняў Грознага. Там дагэтуль знаходзяцца, паводле розных падлікаў, ад 10 да 40 тысячаў цывільных жыхароў – бязь ежы і ацяпленьня. Міністар Мавладзі Ўдугаў паведаміў у інтэрвію агенцтву France Press, што толькі ва ўсходнім мікрараёне Грознага ад расейскіх бомбаў загінулі 3 з паловаю тысячы чалавек.

Аглядальнік "International Herald Tribune" крытыкуе заходнюю палітыку крэдытаваньня Расеі. Мільярды даляраў крэдыту Захад выдзеліў Расеі цягам 1994-1996 гадоў, калі цягнулася Першая чачэнская вайна. Учора Эўрапейскі Зьвяз пастанавіў пазбавіць Расею розных формаў падтрымкі – 180 мільёнаў эўра – на знак пратэсту супраць брутальнага абыходжаньня зь мірнымі жыхарамі Чачні. 90 мільёнаў эўра, якія мусілі быць ськіраваныя ў Расею па лініі ТАСІС для тэхнічнай дапамогі, цяпер атрымаюць няўрадавыя арганізацыі.

Большыя дэбаты ў Расеі зьвязаныя з чалавечымі стратамі. Усяго, паводле агенцтва "Интерфакс" было забіта ў вайне больш за 900 салдатаў, прычым 529 у апошні месяц. Расейская тэлекампанія НТВ заяўляе, што рэальная лічба забітых – у дзесяць разоў большая.

Агенцтва Reuters цытуе міністра замежных справаў Чачні Іліяса Ахмадава, які заявіў журналістам у штаб-кватэры Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў у Ню-Ёрку, што расейская антытэрарыстычная апэрацыя ў Чачні хутка дасягнула маштабу паўнацэннай вайны. Паводле словаў Ахмадава, колькасьць загіблых перавышае 10 тысячаў чалавек, разбураныя практычна ўсе населеныя пункты Ічкерыі, больш за 200 тысячаў сталі ўцекачамі. Чачэнскі міністар выказаў зьдзіўленьне, што ААН не абмяркоўвае праблемы Чачні, якая перажывае гуманітарную катастрофу.

Памочнік прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі Сяргей Ястржэмбскі, які прызначаны кіраўніком агульнага інфармацыйнага цэнтру, каб каардынаваць работу ўсіх прэсавых службаў сілавых ведамстваў на Паўночным Каўказе акрэсьліў сваю задачу: "Ліквідаваць вострыя вуглы, каб адэкватна інфармаваць пра тое, што адбываецца ў Чачні…"

Злучаныя Штаты Амэрыкі папярэдзілі, што вайсковая кампанія супраць Чачні можа блякаваць разьвіцьцё дэмакратыі ў Расеі і пагоршыць яе пазыцыі ў сьвеце. "Кашмар, які творыцца ў Чачні, перашкаджае як унутранай стабільнасьці ў Расеі, так і для яе ролі на міжнароднай арэне," – заявіў учора ў сталіцы Эстоніі Таліне намесьнік амэрыканскага дзяржаўнага сакратара Строб Тэлбат.

Тым часам, бюро парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы не пацьвердзіла паўнамоцтваў дэлегацыі Расеі на сэсіі ў Страсбургу. На гэта расейскі тэлеаналітык Міхаіл Леоньцьев заявіў, што (цытую) "рада Эўропы – гэта інструмэнт псыхалягічнага ціску на Расею. Гэта – складнік інфармацыйнай вайны. Гэта частка чэчэнскага інфармацыйнага фронту…"

Пытаньне паўнамоцтваў расейскай дэлегацыі на сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы перададзенае на разгляд у камісю Парлямэнцкай Асамблеі. Канчаткова яно будзе вырашана 27-га студзеня, пад час "экстраных дэбатаў" на чачэнскую тэматыку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG