Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 студзеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Зь 1 лютага на беларуска-расейскай мяжы для беларускіх суб'ектаў гаспадараньня ўводзіцца спрошчанае мытнае дэкляраваньне тавараў. Фірмы павінныя будуць прадаставіць мытнікам дзеля справаздачы толькі сьпіс грузу, які перавозіцца празь мяжу, без ягонага прад'яўленьня. Але шэраг абмежаваньняў захоўваецца.

Пра гэтае новаўавядзеньне паведаміў сёньня старшыня Мытнага камітэту Беларусі Вікенці Макарэвіч. Ён фактычна прызнаў, што мытная мяжа з Расеяй застаецца няспынным галаўным болем ягонага ведамства з-за яе праўнае нявызначанасьці.

Як вядома, афіцыйна беларуская мяжа з усходнім суседам была скасаваная Аляксандрам Лукашэнкам і Віктарам Чарнамырдзіным яшчэ ў 1995 годзе, і з таго часу мытнага кантролю там не йснуе. Аднак у верасьні 98-га году, пасьля расейскага фінансавага крызысу, які моцна зачапіў і Беларусь, Лукашэнка выдаў дэкрэт аб абароне спажывецкага рынку, і на беларуска-расейскай мяжы паўсталі міліцэйскія пункты кантролю.

Міліцыянты пачалі масава канфіскоўваць і перадаваць мытнікам тавары, якія беларускія грамадзяне везьлі прадаваць у Расею. Так, паводле словаў Вікенція Макарэвіча, толькі за мінулы год Мытным камітэтам у адпаведнасьці з гэтым прэзыдэнцкім дэкрэтам было заведзена 1367 адміністратыўных справаў і сканфіскавана тавараў ды транспартавых сродкаў на суму 1 трыльён 174 мільярды недэнамінаваных рублёў.

Праўда галоўны беларускі мытнік сьцьвярджае, што цяпер сытуацыя на беларуска-расейскай мяжы стала больш стабільнай, і таму, маўляў, улады вырашылі спрасьціць парадак мытнага афармленьня.

Вікенці Макарэвіч гаворыць: "На мяжы кантролю ня будзе. Будзе адмысловае вакенца: падыйшлі, сьпіс падалі – і ўсё. Чыста статыстычнае дэкляраваньне. Мы будзем працаваць на даверы да суб'ектаў гаспадараньня, бо гэта пераважна законапаслухмяныя грамадзяне. Аднак давярай, але правярай. Потым возьмем ды праверым усіх. І калі заўважым падман дзяржавы, з тымі суб'ектамі разьбярэмся па поўнай праграме", – паведаміў кіраўнік Мытнага камітэту.

Вікенці Макарэвіч таксама ўдакладніў, што па-ранейшаму нельга свабодна вывозіць мяса-малочныя прадукты, а таксама некаторыя іншыя тавары першай неабходнасьці. Так што шлях у Расею для многіх беларусаў, якія хочуць прадаць пару кіляграмаў масла ці кілбасы, застанецца закрытым.

Вікенці Макарэвіч прызнаў, што многія ягоныя падначаленыя ня маюць адпаведнай адукацыі й дастатковага досьведу, ня могуць разабрацца ў заканадаўстве й тлумачаць мытны кодэкс як захочуць. Таму, на думку галоўнага мытніка, часам яны выстаўляюць да людзей незаконныя патрабаваньні, бяруць хабар і г.д.

Мытныя плацяжы склалі летась больш як 25 адсоткаў прыбытковай часткі дзяржаўнага бюджэту. А доля валютных мытных плацяжоў навогул складае больш як 65 адсоткаў усяго валютнага прыбытку Беларусі. Праўда, гэта гаворыць хутчэй не пра пасьпяховую працу мытнікаў, а пра гаротны стан беларускай эканомікі, усе сфэры якой летась зарабілі валюты амаль удвая менш, чым сабрала мытня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG