Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 студзеня 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

(эфір 18 студзеня)
Ці лепш быць сытым і тоўстым, чым схуднелым і галодным?" Праўдападобна, усе аддалі б перавагу першаму варыянту, хаця для здароўя небясьпечнае і адно, і другое. У кожным разе, у часе калі, напрыклад, харчовае ведамства ААН ( ФАО) б'е трывогу з прычыны таго, што значная частка насельніцтва плянэты недаядае, іншыя адзначаюць, што адначасова гэтулькі ж людзей перанасычаныя…

Менавіта да такой высновы прыйшоў WORLDWATCH INSTITUTE , незалежная дасьледчая арганізацыя з сядзібай у Вашынгтоне. Базуючыся на дасьледваньнях шэрагу інстытутаў і агенцтваў, яна паведаміла, што адзін мільярд дзьвесьце мільёнаў людзей па ўсім сьвеце недаядаюць – гэта больш, чым раней меркавалася. Адначасова ў гадавой справаздачы пад загалоўкам "Стан сьвету ў 2000-м годзе", апублікаванай у Ню-Ёрку, Worldwatch Institute aдзначае, што гэтулькі ж людзей спажывае зашмат неадпаведнай ежы, і колькасьць іх павялічваецца хутчэй за тых, якія галадаюць. Акрамя таго, згодна справаздачы, можна гаварыць пра "утоены голад" у двух мільярдаў людзей. На першы погляд, нельга сказаць пра іх, што галадаюць, але ў іхным харчаваньні замала вітамінаў і мінэралаў. "Мы стварылі такую мадэль жыцьця, у якой мала фізычнай актыўнасьці, падача калёрыяў перавышае партрэбную норму і ў выніку – іхны лішак ператвараецца ў тлушч," – заявіў прэзыдэнт Worldwatch Institute Лестар Браўн.

У справаздачы адзначаецца, што амаль у кожным грамадзтве, хаця і ў рознай ступені, павялічваецца разрыў паміж багатымі і беднымі, паміж колькасьцю таўстуноў і тых, хто галадае. У адным з дасьледваньняў гаворыцца, што, у прыватнасьці, у Кітаі за апошнія тры гады колькасьць таўстуноў павялічылася з 9-ці да 15-ці %. Бразылія з 31-м асдсоткам тоўстых людзей і Калумбія – 43% –зраўняліся ў гэтым сэнсе з некаторымі заходнеэўрапэйскімі краінамі.
У некаторых краінах Трэцяга Сьвету разрыў паміж перакормленымі і тымі, хто недаядае – павялічваецца. У Індыі, дзе жахлівая беднасьць існуе побач з вялікім багацьцем, найбольшая ў сьвеце колькасьць схуднелых людзей, у прыватнасьці, недакормленых дзяцей. Гэты фэномэн дасьледваў навуковец з Унівэрсытэту Саўтамптон Дэйвід Бэркэр. Ён, у прыватнасьці, прыйшоў да высновы, што калі б індыйскія дзеці нараджаліся ў Каліфорніі, 60 % зь іх адразу траплялі б у аддзел інтэнсыўнай тэрапіі.

У справаздачы Worldwatch Institute падкрэсьліваецца, што асноўнай прычынай недаяданьня зьяўляецца беднасьць саміх людзей, а не недахоп харчоў у краіне. Згодна дакумэнту, 80 % дзяцей, якія галадаюць, жывуць у краінах, дзе лішак сельскагаспадарчай прадукцыі. "У час глябальнага росквіту абсалютна незразумела і непрыймальна, што недаяданьне набыло такія маштабы," –гаворыцца ў справаздачы. "Наяўнасьць голаду ў сьвеце паказвае, што працэс разьвіцьця пайшоў у дрэнным накірунку. Адных ён цалкам абмінуў і пакінуў галоднымі, а іншым прынес дабрабыт ажно да перанасычанасьці," – гаворыцца ў гадавой справаздачы Worldwatch Institute.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG