Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 студзеня 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

На пачатку году выконваючы абавязкі прэзыдэнта Расеі Ўладзімер Пуцін прапанаваў прызначыць на пасаду дзяржаўнага сакратара беларуска-расейскае саюзнае дзяржавы былога кіраўніка справаў расейскага прэзыдэнта Паўла Барадзіна. Сёньня ў Менску Барадзін сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

Размова Лукашэнкі з Барадзіным праходзіла за зачыненымі дзвярыма і доўжылася дзьве гадзіны. Пасьля яе Барадзін у размове з журналістамі заявіў, што ягоная кандыдатура падтрыманая як Пуціным, гэтак і Лукашэнкам. Канчатковае прызначэньне адбудзецца 26 студзеня на паседжаньні Вышэйшай дзяржаўнай рады хаўруснае дзяржавы.

Паводле словаў Барадзіна, ён абмяркоўваў з Лукашэнкам пытаньні фармаваньня хаўрусных структураў, іх штатны распарадак. Вырашана, што ворганы кіраваньня хаўруснае дзяржавы будуць знаходзіцца ў Маскве.

Адказваючы на пытаньне, ці здолее ён выканаць новыя абавязкі, Барадзін спаслаўся на свой досьвед. Ён распавёў, што, калі ўзначаліў кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Расеі, там працавала 10 тысячаў чалавек, і праблемаю было знайсьці 10 мільёнаў даляраў. Цяпер ва ўправе справаў працуюць 150 тысячаў чалавек, а гадавы абарот складае 2,5 мільярды даляраў.

Якія будуць гадавыя абароты хаўрусных структураў, якія ўзначаліць Барадзін, можна толькі здагадвацца. Пад час сёньняшняй размовы з журналістамі ён падкрэсьліў, што Баларусь мае ўнікальнае гэапалітычнае становішча, і многія праблемы паміж Расеяй і Эўропаю вырашаюцца празь Беларусь.

Пэрспэктыву стварэньня хаўруснае дзяржавы Барадзін ахарактарызаваў вельмі загадкавай фразаю: "Дзяржаў у нас шмат, а краіна – адна". Пры гэтым ён дадаў, што лічыць немагчымам правядзеньне ў бліжэйшы час рэфэрэндуму аб стварэньні хаўруснае дзяржавы і аб утварэньні пасады хаўруснага прэзыдэнта. Барадзін патлумачыў, што Беларусь і Расея маюць свае эканомікі, свае ўрады, і аб'яднаць усё гэта ў хуткім часе наўрад ці магчыма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG