Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 студзеня 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

Біл Гэйтс, самы багаты чалавек сьвету, заснавальнік і цяперашні кіраўнік гіганцкай кампутарнай кампаніі "Майкрасофт" зьдзівіў сьвет заявай пра сваю адстаўку. Што ж прымусіла чалавека, які зрабіў такую бліскучую кар'еру, пакінуць сваю пасаду? Аб гэтай ды аб іншых праблемах кампутарнага бізнесу Злучаных Штатаў Амэрыкі – наш камэнтар.

На спэцыяльна скліканай з гэтай нагоды прэсавай канфэрэнцыі 44-гадовы Біл Гэйтс заявіў, што ягоная адстаўка не азначае ягонага адыходу з кампутарнага бізнэсу. Ён надалей будзе займацца кампутарным праграмаваньнем.

"Я вяртаюся туды, дзе мне найбольш падабаецца, – заявіў ён, – я буду займацца распрацоўкай новых кампутарных тэхналёгіяў".

Справа, аднак, не такая простая. Супраць Гэйтса і ягонай кампаніі "Майкрасофт" ўжо на працягу амаль двух гадоў ідзе судовае разьбіральніцтва ў ЗША. Амэрыканскі ўрад у асобе антыманапольнага ўрадавага камітэту абвінавачвае "Майкрасофт" у манапалізацыі кампутарнага рынку, у выкарыстаньні незаконных мэтадаў канкурэнцыі. Самога ж Гэйтса абвінавачваюць у запалохваньні канкурэнтаў, выкарыстаньні дэмпінгавай тактыкі, каб выкінуць з рынку канкурэнцыю, а таксама ў занадта агрэсіўным мэнэджмэнце.

Пад час суду Гэйтс пад прысягай адмовіўся расказваць пра некаторыя факты з раньняй гісторыі "Майкрасофту", калі, як сьцьвярджаюць сьведкі, ён проста зьнішчаў канкурэнтаў. У сувязі з гэтым адвакаты дзяржаўнага атныманапольнага камітэту на судзе назвалі паводзіны Гэйтса пад прысягай "дзіўнымі, якія не выклікаюць даверу".

Урад ЗША падаў на "Майкрасофт" у суд, таму што на думку экспэртаў антыманапольнага камітэту Біл Гэйтс і ягоная кампанія перашкаджалі і перашкаджаюць далейшаму прагрэсу ў галіне кампутарнай тэхнікі шляхам недапушчэньня на рынак маладых агрэсіўных фірмаў.

"Майкрасофт" кантралюе да 90% амэрыканскага кампутарнага рынку і можа бяз стратаў для сябе часова рэзка зьніжаць цэны на сваю прадукцыю і такім чынам руйнаваць канкурэнтаў. Урад ЗША лічыць, што "Майкрасофт" павінен быць падзелены на 4 – 5 меншых кампаніяў, якія будуць канкураваць паміж сабой.

Акрамя ўраду ЗША ў суд на "Майкрасофт" падалі адміністрацыі 19 амэрыканскіх штатаў.

Вядомы амэрыканскі юрыст Робэрт Борк, які спэцыялізуецца ў антыманапольных законах, у інтэрвію нашай радыёстанцыі паведаміў, што "Майкрасофт" сапраўды карыстаецца недазволенымі мэтадамі ў канкурэнтнай барацьбе. На ягоную думку, падзел "Майкрасофту" на некалькі кампаніяў – прыймальны выхад, але толькі ў тым выпадку, калі спажыўцы будуць ведаць, што стандарты кампутарнай сыстэмы "Мікрасофту" застануцца бяз зьменаў. Вось ягоная думка:

(Борк: ) "Калі гэтыя новыя кампаніі будуць мець агульныя стандарты, яны ня будуць намагацца ствараць канкурэнтныя новыя сыстэмы. І ў гэтым выпадку падзел Майкрасофту – добрая ідэя".

Солвейг Сынгельтон, дырэктар аддзяленьня інфарматыкі Інстытуту Като ў Вашынгтоне, таксама выступае за падзел "Майкрасофту". На яе думку, неабходна таксама захаваць адзіныя стандарты. Аднак яна лічыць, што адміністрацыйны падзел "Майкрасофту" можа толькі зрабіць канкурэнцыю больш жорсткай.

(Сынгельтон: ) "Падобныя дэкрэты аб падзеле фірмаў робяцца непатрэбнымі, як толькі яны прыймаюцца. А з часам яны толькі спрычыняюцца да новых выдаткаў у прамысловасьці, і, нават, яны могуць быць перашкодай на шляху мадэрнізацыі і зменаў у эканаоміцы. Яны могуць мець непрадбачаныя наступствы, такія як зьмяншэньне інвэстыцыяў у некаторых сэктарах гаспадаркі і блякаваньне ці абмежаваньне канкурэнцыі".

Пакуль не да канца ясна: ці будзе падзелены "Майкрасофт" на некалькі кампаніяў, ці не. Але адстаўка Гэйтса, чалавека які сваёй асобай увасабляў яе, – своеасаблівае прызнаньне того, што ня ўсё было чыста на шляху будаўніцтва сусьветнай кампутарнай імпэрыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG