Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 студзеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Васіль Лявонаў у сваім апошнім слове на судзе паўтарыў, што ні ў чым не вінаваты, і выказаў спачуваньне судзьдзям, якія займаюцца гэтай палітычнай справаю. Між тым, сёньня прысуд экс-міністру сельскае гаспадаркі ня быў абвешчаны – гэта адбудзецца ў наступную пятніцу, 14 студзеня.

Сёньня Васіль Лявонаў апошні раз выступіў перад судзьдзямі. Ягоная прамова была ляканічнай і эмацыйна нэйтральнай. Былы міністар сельскае гаспадаркі не камэнтаваў абвінавачаньне й не дапаўняў сьведкаў і адвакатаў – ён упэўнены, што суд меў магчымасьць пераканацца ў ягонай невінаватасьці. Калі ж судзьдзі яго не апраўдаюць, Лявонаў не пакрыўдзіцца, бо яны ня маюць рэальнай незалежнасьці, ім загадана прыняць "незаконнае рашэньне і асудзіць мяне". Гэтак лічыць Васіль Лявонаў.

Пасьля сваёй прамовы й абвесткі судзьдзі Чартовіча, што прысуд будзе зачытаны 14 студзеня, Лявонаў праз краты, ужо ў кайданках, гэтак патлумачыў карэспандэнту "Радыё Свабода", чаму ён не спыніўся падрабязна на абвінавачаньнях…

"Цяжка вызначыцца адносна той бязглуздзіцы, пра якую ідзе гаворка ў абвінаваўчым заключэньні. Усё гэта прыдумалі. Пройдзе час – у гэтым усе пераканаюцца. Паўтараю, у мяне і ў думках не было красьці ў "Расьвеце" крэсла ці каўбасу", – сказаў Васіль Лявонаў. Далей ён заявіў, што прычынаю расправы над ім было тое, што ён "перашкаджаў", але не удакладніў, каму менавіта. Між тым, хто стаіць за ўсёй справай супраць яго – Лявонаву вядома.

"Я ня ведаю, што там напісаў кіраўнік дзяржавы – хутка агучаць" – сказаў Лявонаў адносна прысуду й колькасьці гадоў, якія яму давядзецца адседзець.

Сёньня, чакаючы фіналу працэсу над Лявонавым, у суд прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іх – былы прэм'ер-міністар Міхал Чыгір, іншыя апазыцыйныя палітыкі, некаторыя кіраўнікі калгасаў і супрацоўнікі Міністэрства сельскае гаспадаркі.

Пасьля судовага паседжаньня ў цэнтры ўвагі журналістаў апынуўся Міхал Чыгір, пад кіраўніцтвам якога Лявонаў спрабаваў пачынаць рэформы ў сельскай гаспадарцы. Міхал Чыгір узгадаў, як гэта адбывалася, як яны разам зь Лявонавым пераконвалі прэзыдэнта пачынаць рэформы на прыкладзе некаторых гаспадарак, у тым ліку "Расьвета". Але Лукашэнка ўсё адкладваў: вось скончым сяўбу, потым жніво і гэтак далей…

Вядома, гэтым бязьдзеяньнем міністар, які адказваў за справы ў сельскай гаспадарцы, ня мог не абурацца. Міхал Чыгір распавядае: "Сёньня пры ўладзе ў краіне знаходзіцца чалавек, які абыякавы да таго, што зрабіў Лявонаў. Яго непакоіць толькі тое, што думаў ці казаў Лявонаў пра кіраўніцтва Беларусі. Ня больш таго. Таму Лявонаў сядзіць тут і будзе асуджаны. Я гэта добра ведаю, бо тое ж самае тычылася й мяне…", – заўважыў Міхал Чыгір.

На думку экс-прэм'ера, абвінавачаньні супраць Лявонава нічога не вартыя, яны высмактаныя з пальца. "Калі б у свой час я таксама пабываў у "Расьвеце" й прывёз у якасьці падарунку кілё каўбасы – без чаго тады не абыходзілася – то да гэтай лічбы дадалі б два нулі й мяне таксама маглі асудзіць па гэтай справе", – мяркуе экс-прэм'ер. Галоўная праблема, на ягоную думку, у тым, што ў краіне няма незалежных судзьдзяў, і таму над любым галавекам магчыма ўчыніць расправу.

На пытаньне, які міжнародны рэзананс атрымае прысуд над Лявонавым, Міхал Чыгір адказаў узгадваньнем таго факту, што сёньня на судовае паседжаньне прыйшоў нямецкі амбасадар спадар Вінкельман. Рэзананс будзе вялікі, а вынік – яшчэ горшае стаўленьне ў свеце да беларускіх чыноўнікаў, лічыць Чыгір:

(Чыгір: ) "Што тады казаць аб аўтарытэце краіны? Паўнейшая ізаляцыі з усіх бакоў. Паўнейшая. Увесь сьвет не прызнае. Нас чакае вельмі нерыемнае наперадзе, калі мы самі тут нічога мяняць ня будзем".

А вось якая гутарка адбылася ў мяне са старшынём калгасу "Дрыбінскі" Міколам Юрковым. Ён добра ведае экс-міністра сельскае гаспадаркі, але ведае і былога дырэктара саўгасу "Гарадзец" Лукашэнку, і ў пэўным сэнсе можа быць экспэртам у іхных стасунках. Вось што старшыня калгасу Юркоў распавёў наконт справы Лявонава…

(Юркоў: ) "Лявонаў выказваў тое, што думаў, ён мог сказаць так, як лічыў патрэбным, а не прыслухоўваўся да ўсіх і не паўтараў за ўсімі. Я лічу, гэта – яго галоўная віна".

(Карэспандэнт: ) "У асабістых адносінах яго з Лукашэнкаў нешта магло адбыцца?"

(Юркоў: ) "Я лічу, што не павінна было быць. Лявонаў шмат спрыяў разьвіцьцю гаспадаркі Лукашэнкі, гэта я дакладна ведаю. І тэхніку давалі – тады ж мала было грошай на гэта. Чаму Лукашэнка будаваў "Гарадзец"? Будавалі ж там, і тэхніка была. А там жа грошай не было, эканомікі ж ніякай не было. А будавалі. Чаму? Таму што Лявонаў, Карнееў давалі, спрыялі…"

(Карэспандэнт: ) "Вось калі 14-га асудзяць Лявонава, дадуць яму некалькі гадоў турмы, што гэта будзе азначаць для вас, для чалавека зь вёскі?"

(Юркоў: ) "Я лічу, што на сёньня, каб весьці нейкія рэформы, наогул павінны ўсялякія абвінавачаньні зь Лявонава, са Старавойтава зьняць. Таму што людзі напалоханыя – яны на ніякія рэформы ня пойдуць. А сёньня без рэформаў узьняць сельскую гаспадарку немагчыма".

Гэтак мяркуе адзін з тых, хто працаваў разам зь Лявонавым і дагэтуль лічыць сябе ягоным аднадумцам. Нагадаю, прысуд Васілю Лявонаву будзе агалошаны 14 студзеня ў Вярхоўным судзе Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG