Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 студзеня 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

Учора пад час тэлэфоннай размовы Лукашэнкі ды Ельцына была дасягнутая дамоўленасьць, што першае паседжаньне Вышэйшае дзяржаўнае Рады хаўруснае дзяржавы адбудзецца 25 студзеня. На гэтым паседжаньні мяркуецца прызначыць старшыню Вышэйшае Рады, кіраўніка хаўруснае Рады міністраў, а таксама дзяржаўнага сакратара. На апошнюю пасаду расейскі бок прапанаваў былога кіраўніка справаў прэзыдэнта Расеі Паўла Барадзіна.

Паводле словаў Уладзімера Пуціна, гэтая кандыдатура ня выклікала ў Лукашэнкі пярэчаньняў. Але пакуль невядома, хто ўзначаліць вышэйшую Раду. У Інтэрнэце на расейскім сайце "Паліт.Ру" апошнім часам некалькі разоў зьяўлялася інфармацыя пра тое, што кіраўніком хаўруснае беларуска-расейскае дзяржавы можа стаць экс-прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын.

Інфармацыю пра магчымасьць новага прызначэньня Ельцына на мінулым тыдні пацьвердзіў у інтэрвію Беларускай тэлевізіі паўнамоцны прадстаўнік Беларусі ў статутных ворганах СНД Сяргей Посахаў.

Паводле ягоных зьвестак, расейскія экспэрты ўважліва аналізуюць тэкст хаўруснае дамовы і зьвяртаюць увагу на двухсэнсоўнасьць 32-га артыкула. Там сказана, што Вышэйшую Раду ўзначальваюць кіраўнікі ў парадку ратацыі, калі бакі не дамовіліся пра іншае…

Пра што іншае? Ці то пра тое, што ратацыі можа і ня быць, ці пра тое, што Раду можа ўзначальваць і не кіраўнік адной з дзьвюх дзяржаваў? Калі апошняе – дык Ельцын, сапраўды, можа стаць кіраўніком хаўруснае дзяржавы.

Хаця спадар Посахаў (які ў апошнія дні стаў кімсьці накшталт нефармальнага прэсавага сакратара Лукашэнкі) заявіў, што прызначэньне Ельцына на вышэйшую пасаду ў хаўруснай дзяржаве і непажаданае, і малаверагоднае.

Матывы пляну з новым прызначэньнем Ельцына вельмі зразумелыя. Былы кіраўнік дзяржавы, які не зьбіраецца абмяжоўвацца прыватным жыцьцём, атрымлівае ганаровую, але цалкам безуладную сінекуру. На гэтае месца не дапускаецца няўрымсьлівы беларускі кіраўнік.

Калі б ён нават яе і заняў, то реальнай ўлады над Расеяй усё роўна не атрымаў бы, але рознымі заявамі ад імя хаўруснае дзяржавы мог бы сапсаваць расейскую вонкавую палітыку. Ня будзеш жа кожны раз тлумачыць Захаду, што ўсе падобныя лукашэнкавы заявы – выключна для нутранога спажываньня.

Пра тое, што расейскі бок ня ўспрымае хаўрусную дзяржаву ўсур'ёз, сьведчыць прапанова прызначыць на пасаду дзяржаўнага сакратара былога кіраўніка справаў прэзыдэнта Расеі Паўла Барадзіна.

Барадзін вельмі глыбока ўплішчыўся ў скандал зь фірмаю "Мабэтэкс", да таго ж – з трэскам прайграў спаборніцтва за пасаду маскоўскага мэра, саступіўшы ня толькі Лужкову, але й Кірыенку. Такіх палітыкаў на сапраўды адказныя пасады не прызначаюць. Гэтая прапанова была гіранічна пракамэнтаваная аглядальнікам расейскага сайту "Рус.Ру": "Барадзіну даюць адказную пасаду ў вялікай, але неіснуючай дзяржаве".

Такое стаўленьне да хаўрусных пасадаў пацьвярджаюць паводзіны й самога Барадзіна: пасьля таго, як яму было прапанавана стаць дзяржаўным сакратаром хаўруснае дзяржавы, ён аб'явіў, што будзе балятавацца ў прэзыдэнты Якуціі. Такім чынам, нават сам Барадзін разумее, што пасада кіраўніка расейскае правінцыі – рэч куды больш сур'ёзная, чым хаўрусная сінекура.

Хутчэй за ўсё, і пасаду кіраўніка Вышэйшае Рады Масква разглядае як чыста дэкаратыўную, на якую можна прызначыць і пэнсіянэра Ельцына. З гэтага не вынікае, што інтэграцыйная гульня новае расейскае кіраўніцтва навогул не цікавіць: далучыць Беларусь да Расеі ў якасьці Паўночна-Заходняга краю ніхто ў Маскве ня супраць. Але займацца ўсур'ёз наддзяржаўнай будоўляй там, падобна, не зьбіраюцца.

З другога боку, цалкам верагодна, што інфармацыя пра магчымае новае прызначэньне Ельцына – ня больш, чым "пробны шар", спроба высьветліць рэакцыю расейскай эліты і растлумачыць Лукашэнку рэальны зьмест падпісанае дамовы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG