Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 сьнежня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Сэнсацыйную заяву напярэдадні Новага году зрабіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску гэнэральны дырэктар вытворчага аб'яднаньня "Белкрухмалпрам" Мікалай Бялко. Паводле яго паведамленьня, беларускія вытворцы алькагольных напояў апярэдзілі сваіх канкурэнтаў у новых тэхналёгіях на 10-15 год.

Беларуская гарэлка "Усяслаў Чарадзей", абраная афіцыйнай гарэлкаю "Балю стагодзьдзя", які пройдзе ў навагоднюю ноч у Манака. А для тых, хто лічаць, што ўжо наступіў час разьвітацца з дваццатым стагодзьдзем, беларускія вытворцы алькагольнае прадукцыі падрыхтавалі новы гатунак гарэлкі пад красамоўным назовам "Новае стагодзьдзе».

Паведамленьне пра гэта зрабіў гэнэральны дырэктар вытворчага аб'яднаньня "Белкрухмалпрам" Мiкалай Бялко. Ён сказаў, што некалькі дзён таму партыя "Ўсяслава Чарадзея" ўжо адпраўленая ў Манака. Сёлета гарэлка гэтага гатунку брала ўдзел у сямi мiжнародных конкурсах i паўсюдна перамагала. А верхам прызнаньня "Ўсяслава Чарадзея" было абраньне яго афiцыйнай гарэлкаю на цырымонii ўручэньня прызоў Амэрыканскай акадэмii кiнамастацтваў "Оскар".

Дарэчы, мiжнароднае прызнаньне "Чарадзея" — не адзiны сёлетнi посьпех беларускiх вытворцаў. Як паведамiў сп. Бялко, на працягу 1999 году прадукцыя беларускiх лiкёра-гарэлачных заводаў атрымала 48 мэдалёў мiжнародных выставаў-дэгустацыяў, у тым лiку 22 залатыя ўзнагароды.

Такі посьпех беларускіх гарэлак Мікалай Бялко патлумачыў шырокім выкарыстаньнем новых тэхналёгіяў ачысткі прадукцыі, у прыватнасьці чорнага крэменю. У выніку гарэлка, як пераконваў удзельнікаў прэсавай канфэрэнцыі гэнэральны дырэктар "Белкрухмалпраму", зьяўляецца экалягічна чыстай і абсалютна бясшкоднай. Такія тэхналёгіі, лічыць ён, год праз 10-15 будуць выкарыстоўваць усе сусьветныя вытворцы алькагольных напояў.

Што тычыцца гарэлкі "Новае стагодзьдзе", дык яна вырабляецца на натуральнай мінэральнай вадзе з малой колькасьцю адсоткаў мінэралізацыі. Ачыстка яе вядзецца на крэмянёвых фільтрах, пасьля чаго гарэлка апрацоўваецца іёнамі срэбра. Да таго ж, новы напой вырабляюць толькі на сьпірце "Люкс".

Паводле Мікалая Бялко, добра вядомая ўсім гарэлка "Белая Русь" зараз пачала рабіцца ў экспартавым варыянце. Да сваяго звычайнага назову яна дадае яшчэ адное слова – люкс. Гэты напой зараз актыўна рэклямўюць у Злучаных Штатах Амэрыкі.

А у новым 2000 годзе аматараў добрае гарэлкі чакае яшчэ адзін прыемны сюрпрыз – падрыхтаваны новы саракаградусны напой пад назовам "Вадалей". Паводле гэнэральнага дырэктара, "Вадалей" можна было б разьліваць ужо сёньня, але спачатку вырашылі пусьціць у продаж гарэлку пад больш актуальным назовам "Новае стагодзьдзе". "Вадалей", зразумела, можа яшчэ пачакаць.

Усё, пра што я распавядаў, і цудоўна, і прыемна, і цікава. Адзінае, што засмучае – мала хто ў Беларусі на вялікае сьвята скарыстаецца славутымі напоямі. Бутэлька "Ўсяслава Чарадзея" каштуе ажно 7 мільёнаў рублёу, "Новага стагодзьдзя" – мільён дзьвесьце тысячаў. Для параўнаньня – мінімальны заробак у Беларусі цяпер 1 мільён 450 тысячаў рублеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG