Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сьнежня 1999 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Гарадзенская арганізацыя БНФ пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі напрыканцы году распачала новую акцыю супраць створанага саюзу Беларусі й Расеі. Актывістыя арганізацыі вырашылі зьбіраць сярод насельніцтва места заявы пра непрызнаньне гэтага саюзу.

Надрукаваныя блянкі заявы, у якой гаворыцца: "Лічу незаконным і не прызнаю дагавор аб утварэньні саюзнае дзяржавы Беларусі і Расеі і заяўляю, што застаюся грамадзянінам незалежнай, сувэрэннай Рэспублікі Беларусь".

Падпісант павінен напісаць сваё прозьвішча і адрас. Ініцыятыва сыходзіла ад сябра Сойму БНФ Алеся Астроўскага. На яго думку, папярэдняя акцыя запісу ў грамадзянства БНР посьпеху ня мела, а вось гэтая мае вялікія пэрспэктывы. Гарадзенцы пакажуць прыклад іншым і па ўсёй Беларусі можна будзе сабраць, нават, некалькі мільёнаў подпісаў, а тады стане відавочным, што рэжым Лукашэнкі не падтрымлівае вялікая частка насельніцтва.

Іншыя сябры гарадзенскага БНФ больш стрымана ставяцца да гэтай акцыі. Сярод людзей пануе апатыя: яны альбо баяцца падпісваць заяву альбо ня вераць у выніковасьць гэтай акцыі. Пакуль было сабрана некалькі дзясяткаў заяваў аб непрызнаньні саюзу Беларусі і Расеі.

Тым ня менш, нельга не адзначыць, што гарадзенцы імкнуцца быць у палітычным жыцьці наперадзе. Толькі што выйшаў, напрыклад, першы нумар бюлетэня "Рэгіянальная Беларусь". Выпускае яго каардынацыйны камітэт "Гарадзенская ініцыятыва", у які, дарэчы, уваходзіць і мясцовая арганізацыя БНФ. Мэта выданьня: адлюстроўваць падзеі ў рэгіёнах Беларусі, дзейнасьць у іх грамадзкіх і палітычных арганізацыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG