Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 сьнежня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Рэспубліканская пракуратура прызнала правільнымі дзеяньні ахоўнікаў сьледчага ізалятару на вуліцы Валадарскага, якія, паводле заявы дэпутата Андрэя Клімава, зьбілі яго 13 сьнежня.
На працэсе ў справе экс-міністра сельскае гаспрадаркі Васіля Лявонава абвешчаны перапынак да 4 студзеня. Калі пачнуцца судовыя спрэчкі.
Жонка зьніклага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара заяўляе пра тое, што ёй адмовілі ў азнаямленьні з матэрыяламі справы ў пошуках ейнага мужа.

Пракуратура Беларусі распаўсюдзіла заяву адносна вынікаў расьледваньня інцыдэнту, які адбыўся з дэпутатам Андрэям Клімавым 13 сьнежня ў сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага.

Нагадаем, Клімаў быу зьбіты турэмшчыкамі й пад прымусам прывезены ў суд, куды ён адмаўляўся зьяўляцца, паколькі напярэдадні судзьдзя сама выдаліла яго з залі за "спрэчкі" зь ёю. Пра гэта распавёў сам Клімаў, ягоная маці й сьведкі зь ліку грамадзянаў, што былі 13 сьнежня ў судзе й бачылі там зьбітага дэпутата.

На наступны дзень сваякі Клімава зьвярнуліся ў Рэспубліканскую пракуратуру з патрабаваньнем узбудзіць крымінальную справу й пакараць тых, хто вінаваны ў зьбіцці Андрэя Клімава.

Пракуратура Рэспублікі тыдзень правярала гэтую заяву й нарэшце абвесьціла, што аніякага зьбіцця не было. Цытую дакумэнт, што выйшаў у друк 24 сьнежня з прэсавае службы пракуратуры: "Спраўджаньнем, праведзеным пракуратураю Рэспублікі па гэтаму факту, дзеяньні супрацоўнікаў сьледчага ізалятару па пераадольваньню супраціўленьня Клімава пры этапаваньні ў суд прызнаныя правамоцнымі". Прычым, у заяве сьцьвярджаецца, што Клімаў не проста адмовіўся ехаць у суд, а яшчэ й "аказаў актыўнае супраціўленьне супрацоўнікам сьледчага ізалятару".

Улічваючы, што ягоныя траўмы вызначаны спраўджаньем як лёгкія цялесныя пашкоджаньні, "ва ўзбуджэньні крымінальнае справы "заяўляе пракуратура сваякам Клімава "адмоўлена за адсутнасьцю складу злачынства".

Між тым, у чацьвер Андрэй Клімаў з сваёй камэры ў сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага быў пераведзены ў турэмны шпіталь на Кальварыйскай.

Супрацоўнік гарадзкое пракуратуры Васіль Сямёнаў, які сочыць за захаваньнем законнасьці ў гарадзкіх турмах, ужо пасьпеў патлумачыць, што шпіталізацыя Клімава тлумачыцца выключна яго прастудным захворваньнем.

У чым, дарэчы, сумняецца адвакат дэпутата Гары Паганяйла: "Улады сёньня занялі кругавую абарону, абараняюць свой гонар і мундзір. Нам яшчэ неабходна будзе зьвязацца з дактарамі й высьветліць, ці не зьвязаная ягоная шпіталізацыя з траўмамі, якія яму былі нанесеныя. Пракуратура ужо заявіла, што ў яго "лёгкія пашкоджаньні без растройства здароўя", але я лічу, што ёсьць неабходнасьць у дадатковай экспэртызе. Дарэмна пракуратура сьпяшаецца з высновамі. Мы запатрабуем мэдычныя дакумэнты і ўсё стане зразумела", – спадзяецца адвакат Клімава Гары Паганяйла.

Між тым, пакуль усе спробы абароны й сваякоў Клімава прымусіць пакараць тых, хто зьбіваў дэпутата, безвыніковыя. Судовы працэс над Клімавым спыніўся, як абвешчана, да 30 сьнежня.

Затое ў справе Васіля Лявонава невялікі прагрэс. Скончылася гэтак званае судовае расьледваньне, пад час якога апытваліся сьведкі ды вывучаліся матэрыялы сьледзтва. На 4 студзеня будучага году прызначаны пачатак судовых спрэчах.

Вось калі мы даведаемся, колькі гадоў турмы пагражае насамрэч былому міністру, якога абвінавачвалі к хабарніцтве, злоўжываньнях і крадзяжы дзяржаўнае маёмасьці.

Нагадаю, што, на думку абароны, ня ўсе з гэтых абвінавачваньняў падцьвердзіліся пад час працэсу, што йдзе ўжо больш за тры месяцы. Не выключана, што ад некаторых з абвінавачваньняў пракурор можа й адмовіцца.

Безвыніковым быў мінулы тыдзень і ў справе пошукаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага.

Афіцыйныя крыніцы заяўляюць, што пошукі ня спыненыя, яны быццам бы вядуцца, але аніякіх новых зьвестак пра зьніклых не знойдзена.

Між тым, жонка Віктара Ганчара паўтарае сваі абурэньні ў бок афіцыйнага сьледзтва. "Я прасіла паказаць матэрыялы справы, але мне адмовілі. Яны не шукаюць майго мужа, а толькі робяць выгляд" – заявіла Зінаіда Ганчар нашаму радыё.

Яна, аднак, незадаволеная і тым, як вядзе пошукі Ганчара камісія Вярхоўнага Савету, якой сапраўды таксама няма чым пахваліцца ў гэтай складанай і пакуль тупіковай справе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG