Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 сьнежня 1999 г.


Любоў Лунёва, Менск

Віктар Бародкін – пэнсіянер, інвалід ІІ групы – васемнаццатыя суткі трымае галадоўку ў знак пратэсту супраць дзеяньняў падаткавай інспэкцыі Савецкага раёну. Што падштурхнула яго да скрайніх дзеяньняў?

Віктар Бародкін пайшоў на галадоўку пасьля таго, як падаткавая інспэкцыя Савецкага раёну забараніла аддзелу сацыяльнага забесьпячэньня выдаць яму курсоўку ў санаторый.

Віктар Бародкін – інвалід ІІ групы. Паводле беларускага працоўнага заканадаўства, людзям, якія маюць ІІ групу інваліднасьці, забаронена працаваць на дзяржаўных прадпрыемствах. Яны маюць права толькі на частковую занятасьць.

Спадар Бародкін, каб неяк матэрыяльна падтрымаць сябе й сваю сям'ю, у 90-м годзе зарэгістраваўся ў Савецкім выканаўчым камітэце як прыватны прадпрыймальнік. Але прыватным бізнэсам яму было займацца цяжка і хутка ён адмовіўся ад гэтага занятку.

Паколькі людзям хворым на астму трэба пэрыядычна праходзіць курс лячэньня ў санаторыі, аддзел сацыяльнага забесьпячэньня выдаў яму курсоўку ў санаторый ля Берасьця.

І вось тут умяшалася падаткавая інспэкцыя. Загадчык аддзелу, які курыруе прыватных прадпрыймальнікаў, Сьвятлана Дуброўская, не выдала даведку спадару Бародкіну ў аддзел сацыяльнага забесьпячэньня, спасылаючыся на тое, што ён лічыцца прадпрыймальнікам, а таму, відаць, у сацыяльнай абароне дзяржавы ня мае патрэбы.

Віктар Бародкін з 6-га клінічнага шпіталю распавёў нашаму радыё:

"Такім чынам, я застаўся без пуцёўкі. У знак пратэсту супроць такога майго бяспраўя як інваліда ІІ групы я абвясьціў галадоўку. Аб гэтым я напісаў у лісьце на імя старшыні падаткавай інспэцкыі Савецкага раёну Дуброўскай. Бо там добра ведаюць аб тым, што аніякай прадпрыймальніцкай дзейнасьцю я не займаюся. Але аніякае рэакцыі.

Празь 17 дзён з-за пагаршэньня стану здороўя я быў дастаўлены ў 6-ты клінічны шпіталь. На фоне галадоўкі абвастрылася і мая бранхіяльная астма, на якую я пакутваю ўжо многа гадоў. У выніку галадоўкі я страціў 8 кіляграмаў вагі.

Цікава, што ніхто з падаткавай інспэкцыі нават не пацікавіўся, у якім стане я знаходжуся. А, між іншым, усё залежыць ад іх. Сацыяльнае забесьпячэньне ж ня супраць таго, каб я мог падлячыцца", – паведаміў Віктар Бародкін, інвалід ІІ групы, які дамагаецца ад дзяржавы неабходнае падтрымкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG