З просьбай выказаць свае адносіны да падпісанай у Крамлі беларуска-расейскай дамовы мы зьвярнуліся да старшыні Сялянскай партыі Расеі, вядомага публіцыста Юрыя Чарнічэнкі. Зараз ён балатуецца на выбарах у Дзяржаўную Думу ў Горным Алтаі. На тэлефоннай сувязі з намі Горна-Алтайск. (Чарнічэнка: ) "Людзі, блізкія мне па духу 60-х гадоў – Васіль Быкаў, Адамовіч і шэраг іншых – беларусы. Паміж імі й намі правесьці рысу немагчыма, як паміж маім правым лёгкім і левым лёгкім. Мы адзіны арганізм. Але мяне насьцярожвала вечная расправа вашага беларускага бацькі над свабодай слова. Я ня думаю, што перабываньне ў Крамлі зьменіць гэтага сапраўды ўнікальнага чалавека. Ня думаю.
Таму мяне, як дэпутата, дэмакрата першай хвалі й сябра міжрэгіянальнай групы, уразілі ягоныя гумовыя дубінкі ды расправы такога кшталту, на якія Ельцын да скону дзён усё-ткі ня здольны. Вось мой шчыры адказ". (Карэспандэнт: ) "Спадар Чарнічэнка, ствараецца ўражаньне, што цяпер усе палітычныя партыі ў Расеі – ад левых да правых – сыходзяцца ў падтрымцы саюзу зь Беларусяй, хай сабе зь невялікімі агаворкамі наконт тэрмінаў ягонага стварэньня. Ці не здаецца Вам, што дамова была падпісаная ўладмі ў Маскве менавіта зараз у мэтах папаганды напярэдадні выбараў у Думу?" (Чарнічэнка: ) "Магчыма. Нічога тут крымінальнага я ня бачу. Але пагадзіцеся вось з чым. Пасьля фактычнага зьліцьця Эўропы, якая зрабілася ўсё-ткі ў вялікай ступені адзіным грамадзтвам, усялякае адраджэньне савецкай імпэрыі, нават невялічкі крок, будзе ўспрынятае выбаршчыкамі вельмі, нават, станоўча". Гутарыў