Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 сьнежня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Замежны друк шырока камэнтуе ўчарашняе падпісаньне ў Маскве беларуска-расейскай саюзнай дамовы. Адначасова газэты цытуюць выказваньні палітыкаў шэрагу краінаў, якія задаюцца пытаньнем: "што азначае гэтая дамова для саміх Беларусі й Расеі, для бліжэйшых суседзяў і для міжнароднай палітыкі?"

Паводле амэрыканскай газэты "New York Times", насуперак афіцыйным спадзяваньням, беларуска-расейскі саюз наўрад ці прывядзе да стварэньня шырэйшага славянскага альянсу. Газэта цытуе Аляксандра Лукашэнку, які пасьля цырымоніі падпісаньня дамовы, ў якасьці істотнай перашкоды адзначыў адсутнасьць добрай волі з боку часткі расейскага кіраўніцтва. Сам ён, паводле газэты – мала рэфармаваны камуніст, найбольш актыўна імкнецца да пабудовы новай вялікай дзяржавы, якою ён мог бы кіраваць з Крамля. За апошнія гады Лукашэнка наведаў 16-ць расейскіх рэгіёнаў, усюды скарыстоўваючы тугу людзей за страчанай велічу.

"New York Times" падкрэсьлівае, што ў адпаведнасьці з дамовай сумесная абарончая прастора пашырыцца да межаў з Украінай і Польшчай. Паводле Лукашэнкі, асноўнай мэтай гэтай новай стратэгіі будзе абарона заходніх межаў, і што, магчыма, на Беларусь будзе вернутая ядзерная зброя. Паводле амэрыканскай газэты, саюзная дамова разьлічаная на павялічэньне выбарчых шанцаў стаўленікаў Крамля і зьяўляецца сыгналам у бок Захаду, што Масква ня мае намеру адмаўляцца ад сфэры ўплываў на сваіх заходніх флянгах. З другога боку, саюзная дамова заміж далейшай інтэграцыі можа прынесьці дэзінтэграцыю. У выпадку посьпеху баларуска-расейскага саюзу такія рэспублікі як Татарстан могуць пачаць яшчэ настойлівей дамагацца большай эканамічнай незалежнасьці ад Масквы, –лічыць "New York Times".

Іншая амэрыканская газэта "Los Angeles Times" зьвяртае ўвагу на факт, што саюзная дамова карыстаецца падтрымкай менавіта ў тых слаёў гарамадзтва ў абедзьвюх краінах, якія тужаць па Савецкім Саюзе. Паводле газэты, хаця дамова даволі сымбалічная, тым ня менш яна азначае далейшы разрыў адносінаў із Захадам, і ў практычным сэнсе – разьмяшчэньне расейскіх сілаў на мяжы з НАТО. "Los Angeles Times" падкрэсьлівае, што дагавор падпісалі два незвычайныя лідэры. Барыс Ельцын хістаўся і ня мог прачытаць, нават, кароткі тэкст прамовы. (На тое, што Ельцын упусьціў на падлогу картку з тэкстам, ледзь трымаўся на нагах і выглядаў нібы непрытомны, зьвярнулі ўвагу таксама агенцтвы Reuters і France Press).

Аляксандар Лукашэнка ў ліпені сёлета страціў сваю легітымнасьць. Газэта нагадвае амэрыканскім чытачом, што беларускі лідэр шляхам нелегітымнага рэфэрэндуму сам сабе прадоўжыў тэрмін паўнамоцтваў, а ў інтэграцыёным працэсе ён кіруецца найперш сваімі палітычнымі амбіцыямі. Лукашэнка спадзяецца, што некалі будзе кіраўніком аб'яднанае дзяржавы.

Ангельская газэта "Guardian" лічыць, што саюзная дамова зьяўляецца вынікам кампрамісу і пэўным крокам ў напрамку канфэдэрацыі, аднак ў ёй мала канкрэтыкі. Для Расеі рэальны саюз зь Беларусяй азначаў бы ўтрымоўваньне ейнай нерэфармаванай эканомікі, а для расейскіх палітыкаў рызыкоўна зьвязвацца з такім аўтарытарным і непрадказальным лідэрам, як Аляксандар Лукашэнка. "Guardian" падкрэсьлівае, што хаця саюзная дамова ў сапраўднасьці пустая, сярод іншых былых, савецкіх рэспублік яна ўжо выклікала некаторую напружанасьць і занепакоенасьць. Аб гэтым сьведчаць выказваньні прэзыдэнтаў Украіны ды Інгушэтыі,
якія паставіліся да саюзнай дамовы варожа.

Саюзнай дамове шмат ўвагі прысьвяціла таксама польская прэса. Шматтыражная "Gazeta Wyborcza" зьмясьціла ажно тры артыкулы на тэму "ЗБІР-у". Нагадаю, што гэтае скарачэньне польскага назову "Саюзу Беларусі і Расеі" адначасова азначае " бандыт". У артыкуле "Вынікі ЗБІР-у" маскоўскі карэспандэнт Вацлаў Радзівіновіч піша, што з прагматычных меркаваньняў далёка ня ўсе расейскія палітыкі захапляюцца саюзным пагадненьнем. Былы прэм'ер і адзін зь лідэраў Саюзу Правых Сілаў Сяргей Кірыенка мае намер абскардзіць дамову ў Канстытуцыйным Судзе. З эканамічных меркаваньняў супраць гэтага саюзу таксама лідэр ЯБЛАКА Грыгоры Яўлінскі.

У артыкуле "Хто баіцца вялікага ЗБІР-а" "Gazeta Wyborcza"
падкрэсьлівае вельмі неадназначную рэакцыю на дамову ў Менску і ў Маскве. Гэта толькі Лукашэнка так стрымгалоў ірваўся ў Маскву, баючыся, што Ельцын ізноў раздумае і схаваецца ў шпіталі, што самалёт зь Менску прызямліўся ў Маскве раней чым плянавалася. Газэта цытуе дарадніка польскага прэм'ера Навакоўскага, які заявіў, што для заходняй суседкі Беларусі гэта ніяк не пераломны момант, і на самой справе нічога не зьмяняецца. На думку Навакоўскага, Расея ў першую чаргу разьлічвала на прапагандысцкі эфэкт перад выбарамі і хваляваць польскі бок можа хіба толькі тое, што беларуска-расейская інтэграцыя можа падштурхнуць да адраджэньня Савецкага Саюзу.

Урадавая польская газэта "Rzeczpospolita" таксама зьмясьціла некалькі публікацыяў на тэму саюзнае дамовы. У артыкуле "Аб'яднаньне ў гадавіну распаду" газэта падкрэсьлівае, што падпісаньне дамовы 8-га сьнежня, ў гадавіну віскулёўскага пагадненьня аб падзеле СССР, заглушыла крытыку ў адрас Ельцына за развал вялікай дзяржавы. Згодна тэксту дамовы гэта мае быць "агульная эканамічная прастора з элемэнтамі саюзнай дзяржавы". Выразна падбадзёраны Лукашэнка заявіў, што "Беларусь ўжо не баіцца ціску з боку Захаду". З другога боку, падрабязнасьці дамовы не вядомыя, і той жа Лукашэнка прызнаў, што гэта толькі "пачатак працяглага і цяжкога працэсу", – піша "Rzeczpospolita".

Газэта зьмясьціла артукул вядомага беларускага публіцыста Сямёна Букчына пад загалоўкам "Каму гэта патрэбнае?" Аўтар задаецца пытаньнем: хто ж на самой справе імкнецца да саюзу з Расеяй, калі згодна апытаньням 64% насельніцтва Беларусі выказваюцца за незалежнасьць краіны? Букчын мяркуе, што вельмі гэтага хацеў сам Лукашэнка, якога як "міжнароднага парыя не пускаюць ў прыстойную кампанію". На думку Сямёна Букчына, ўвесь сакрэт інтэграцыйнага імпэту Лукашэнкі ў наступным: ня будучы ўпэўненым, што пасьля 2001-га году ён далей будзе прэзыдэнтам Беларусі, Лукашэнка хоча заняць і вышэйшае, і больш бясьпечнае месца".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG