Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сьнежня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня каля 20-ці актывістаў Беларускага Народнага Фронту перакрылі цэнтральны менскі праспэкт Скарыны ў знак пратэсту супроць падпісаньня ў Маскве беларуска-расейскае хаўруснае дамовы.

У момант падпісаньня ў Маскве беларуска-расейскае хаўруснае дамовы – а палове на 12-ю паводле менскага часу – каля двух дзясяткаў актывістаў Беларускага Народнага Фронту выйшлі на цэнтральны менскі праспэкт Скарыны зь бел-чырвона-белымі сьцягамі й антыінтэграцыйнымі лёзунгамі ды перакрылі рух транспарту ў раёне пляцу Якуба Коласа.

Верагодна, гэтая акцыя была для менскае міліцыі нечаканай. АМАП-аўцы зьявіліся на праспэкце толькі праз 15 хвілінаў. Увесь гэты час рух транспарту быў спаралізаваны. Гэткім чынам апазыцыянэры выказалі свой пратэст супроць, як яны гавораць, анэксіі Беларусі:

(Удзельніца: ) "…Мы перакрылі сёньня праспэкт, але Лукашэнка здае нашу незалежнасьць. Лукашэнка перашкаджае жыць нашым дзецям. Я ведаю дакладна: тое, што мы зараз робім – значна меншае зло, чым тое, што робіць Лукашэнка", – заявіла Ларыса Лепарская, якая выйшла з плякатам: "Абаронім нашых дзяцей, абаронім Беларусь".

Ініцыятар перакрыцьця праспэкту, намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі Вячаслаў Сіўчык патлумачыў, што акцыя зарганізаваная з мэтаю паказаць эўрапейскім краінам супраціў:

(Сіўчык: ) "Акцыя зарганізаваная ў знак пратэсту супроць сёньняшняе злачыннае спробы навязаць Беларусі дамову з Расеяй. Мы катэгарычна выступаем супроць гэтага. Мы ніколі ў жыцьці не прызнаем гэтага дакумэнту. Мы хочам паказаць усёй Эўропе, што калі ў спакойнай Беларусі будзе працягвацца акупацыйная палітыка Крамлю, то будуць канфліктавыя сытуацыі. У гэтым сэнс сёньняшняй акцыі".

Наяўнасьць плякатаў, сьцягоў і лёзунгаў не пакідала ў мінакоў сумневу адносна сэнсу акцыі. Гэтая жанчына, Вера Максімаўна Цюрлюкевіч паскардзілася, што за часы інтэграцыі ператварылася ў сапраўдную радыкалку й таму сёньня выйшла на праспэкт:

(Цюрлюкевіч: ) "Я выйшла з такім плякатам – "Радзімай не гандлюю! Сорам здрадніку, які прадае Радзіму!" Ён прадае Беларусь з такой радасьцю ў Маскве: Я глядзела па тэлевізіі, і ў яго вочы зіхацелі! І таму я выйшла. Я лепей памру, але не прадам Радзіму. Я згодная сесьці ў турму".

Ня менш радыкальнымі былі меркаваньні іншых удзельнікаў акцыі:

(Удзельнік: ) "Ніякіх хаўрусаў з акупантамі. Я прадстаўнік Беларускага Народнага Фронту Андросаў Сяржук. Я ня згодны з падпісаньнем, бо я лічу, што хаўрус з Расеяй – гэта вайна. Я не хачу, каб мае дзеці патрапілі ў Чачэнію ды іншыя канфлікты, якія ініцыюе Расея".

(Удзельніца: ) "Лукашэнка робіць дзяржаўны пераварот. Перакраіў Канстытуцыю, а цяпер здае краіну. Мы ня можам гэтага дапусьціць. Я не хачу, каб мой сын ваяваў у Чачэніі".

Праз 15 хвілінаў пасьля пачатку акцыі на праспэкце зьявілася каля 10 АМАП-аўцаў, якія брутальна пачалі адцясьняць маніфэстантаў на ходнікі праспэкту Скарыны. Адзін з АМАП-аўацаў вырваў у мяне з рук дыктафон і паспрабаваў зламаць. Разам з тым, у адрозьненьне ад аналягічнае леташняй акцыі, зьбіцьця дэманстрантаў і арыштаў сёньня зранку ў Менску не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG