Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 сьнежня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У Міністэрстве нутраных справаў падрыхтаваныя прапановы адносна ўвядзеньня новых грашовых збораў із замежных грамадзянаў, якія прыяжджаюць у Беларусь. Плянуецца браць зь іх задатак на зваротную дарогу. Грошы будуць вяртаць пры ад'езьдзе зь Беларусі, – запэўніваюць міліцыянты. Кіраўніцтва міліцыі лічыць, што гэтыя захады дапамогуць змагацца зь нелегальнай міграцыяй.

Замежных грамадзянаў, якія прыедуць у Беларусь у 2000 годзе, чакае непрыемны сюрпрыз. Беларускія міліцыянты зьбіраюцца браць з кожнага наведвальніка краіны грашовы задатак у памеры, дастатковым, каб вярнуцца дадому.

Гэтыя пляны міліцэйскае кіраўніцтва аб'явіла і ўжо абмеркавала на выязной калегіі Міністэрства нутраных справаў, што прайшла ў Берасьці. Сёньня прэсавая служба міністэрства падцьвердзіла, што гэтае новаўвядзеньне прапанаваў міністар нутраных справаў Юры Сівакоў.

Плянуецца, што сабраныя з замежнікаў грошы будуць акумулявацца ў пашпартова-візавай службе пры Міністэрстве нутраных справаў. Кожны замежнік мусіць будзе ўнесьці ў задатак суму, дастатковую дзеля вяртаньня дадому. Калі ён будзе зьяжджаць, грошы яму аддадуць, абяцаюць міліцыянты.

У якой валюце будуць вяртацца грошы, паводле якога курсу і ўвогуле, як будуць вырашаныя ўсе тэхнічныя праблемы гэтае справы, міліцыянты не паведамляюць. Не выключана, што ня ведаюць і самі. Вядома толькі, што рыхтуецца адмысловы ўказ Лукашэнкі.

Навошта спатрэбілася гэтае новаўвядзеньне? Кіраўніцтва міністэрства заяўляе, што яно дапаможа змагацца зь нелегальнай міграцыяй. Праблема гэтая вельмі вострая, краіну, паводле зьвестак міністэрства, запаланілі ад 200 да 500 тысячаў нелегальных мігрантаў, якіх і на Захад прапусьціць нельга, і дадому не адправіш. Чаму? Прэсавы сакратар міністра нутраных справаў Дзімітры Партон патлумачыў:

(Партон: ) "Асноўная праблема бывае вось у чым. Вось гэтыя афра-азіяты прыяжджаюць сюды, часам, нават, легальна і спрабуюць перасекчы ўжо заходнюю мяжу. А высьвятляецца, што ў іх ні грошай няма, нічога. Мы, нават, ня ў стане адправіць іх дадому".

Сёньня знаходжаньне ў Беларусі замежных грамадзянаў рэглямэнтуецца адразу некалькімі інструкцыямі, прынятымі рознымі ведамствамі.

Правілы гэтыя становяцца ўсё больш складанымі. У прыватнасьці, некалькі месяцаў таму міністэрствам замежных справаў былі прынятыя новыя правілы, згодна зь якімі кожны замежны грамадзянін пры ўезьдзе ў Беларусь мусіць прад'явіць грошы, якіх хопіць на час знаходжаньня ў Беларусі з разьлікам адзін мінімальны заробак на дзень знаходжаньня.

Гэта азначае, 1.450.000 беларускіх рублёў на дзень. Да таго ж кожны замежнік, акрамя дыпляматаў ды сябраў афіцыйных дэлегацыяў забавязаны зарэгістравацца ў міліцыі ці ў гатэлі. Як бачым, цяпер ўжо й гэтыя захады падаюцца нашым міліцыянтам недастатковымі.

Праўда, магчыма, што ўлады зьбіраюцца выкарыстоўваць тактыку спагнаньня залогаў выбарачна, толькі адносна выхадцаў з афра-азіяцкага рэгіёну, якія і ствараюць праблему нелегальнае міграцыі. Аднак, па-першае, як гэтых замежнікаў стрымаць, калі едуць яны у Беларусь выключна праз адкрытую расейска-беларускую мяжу? І па- другое, калі нават іх удасца затрымаць, як узяць грошы ў задатак, калі бальшыня сьцьвярджае, што грошай ня мае?

Адказаў на гэтыя пытаньні ані прэс-цэнтар Міністэрства нутраных справаў, ані пашпартова-візавая служба не даюць, заяўляючы, што збор грашовага задатку з замежнікаў – яшчэ не канчатковае рашэньне, а толькі прапанова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG